Интересные ссылки

Фартух

Хвартух, неабходная частка беларускага строю жанчын усiх узростаў у святочным i штодзённым жыццi. Як сведчыць большасць этнаграфiчных запiсаў, Ф., як i панёву, дзяўчаты пачыналi насiць з дасягненнем паўналецця, якое ў першую чаргу сведчыла пра наступленне полавай спеласцi. Таму з Ф. звязвалася цэлая сiстэма прадпiсанняў этыкету i шэраг вераванняў матрыманiяльнага кшталту: калi дарогай развяжацца пярэднiк муж здрадзiў, страта Ф. атаясамлiвалася са стратай дзявоцкай цноты, вывешаны ў вакне чырвоны Ф. казаў, што тут жыве «чэсная» нявеста. У першую чаргу праз генiтальную аднесенасць сiмволiка Ф. замяшчала iдэю жанчыны, iдэю нараджэння у Ф. кiдалi чарапкi, каб бясплодныя жанчыны маглi зацяжарыць; iм выцiралi сурочаных дзетак i да т. п. Жыццядайная сiмволiка Ф. з усiмi адценнямi ўрадлiвасцi i плоднасцi абумовiла выкарыстанне яго ў земляробстве i жывёлагадоўлi: з Ф. сеялi грэчку, падсцiлалi яго пад ногi карове перад першым выганам у поле. У вясельнай абраднасцi Ф. сiмвалiзаваў пераемнасць, працяг роду пры сустрэчы нявесты мацi рассцiлала свой Ф., каб тая на яго наступiла. Мела пэўны сэнс i наяўнасць абарончага арнаменту па нiзе Ф. Iзаморфнасць Ф. i пояса як кола магiчнага актуалiзуе апатрапеiчныя якасцi гэтай часткi строю параўн. неабходнасць Ф. для цяжарнай жанчыны, «каб дзiця прымаўкi не баялася», надзяванне двух Ф., калi даводзiлася прысутнiчаць пры пахаваннi. Ф., як i ручнiкамi, на Беларусi здаўна абвязвалi надмагiльныя крыжы. Так, Ф. акрэслiвае i замацоўвае мяжу памiж бачным i нябачным светамi, узаемадачыненнi якiх рэгулявалiся колам абярэгам.