Интересные ссылки

Тоя

Расліна рагулькі, казёлчыкі, казялкі (Delphinium L., рус. живокость), расце ў пшаніцы, цвіце сінімі красачкамі. Уваходзіла ў шэраг купальскіх зёлак, рвалі яе перад Купаллем. Лічылася моцным абярэгам, асабліва ў спалучэнні з баркуном. Пасвенчаныя баркун і Т. вешалі ў адрынах. Толькі імі можна было пазбавіцца ад заляцанняў нячыстай сілы. На Палессі запісана паданне, што неяк чорт падкаснуўся да дзяўчыны, якая пасвіла статак, і стаў «гуляць» з ёй. Па нейкім часе дзяўчына пачала сохнуць і ўжо была блізка ад смерці. Тады бацькі, даведаўшыся пра прычыну хваробы, уплялі ёй у касу асвечаныя баркун і Т. Нячысцік больш не меў доступу да дзяўчыны, толькі раззлавана прамовіў: «Коб не буркун да тоя, то була б дзеўка моя!» і знік назаўсёды. Падобныя аповеды вядомыя і на суседняй Валыні. Апрача таго, Т. назапашвалі «на смерць» яе клалі пад галаву нябожчыку; Т. разам са святаяннікам і скочкай клалі пад галаву дзіцяці, каб добра спала. Гл. таксама Божай мацеры сон.