Интересные ссылки

Сэрца

Адзін з найбольш істотных органаў цела, крыніца фізічнай, духоўнай, эмацыйнай энергіі. Непасрэдная сувязь С. і жыцця адлюстравана ў старажытнай прыказцы: «Як нож у сэрца ўбіў» (паходзіць яшчэ са збору С. Рысінскага 1618 г.). Разам з тым у беларускай традыцыйнай культуры С. разумеецца пераважна як канцэнтрант эмацыйных, пачуццёвых інтэнцый, у першую чаргу кахання. Разна- стайныя любоўныя эмоцыі перш наперш закранаюць С., яно зяўляецца пачатковым індыкатарам гэтых перажыванняў у чалавечым целе. Менавіта праз С. транслююцца разнастайныя любоўныя пачуцці: «Упівайся, таска, уядайся, таска, у грудзі, у сэрца разрасціся і разыйдзіся па ўсіх жылах, па ўсіх касцях» С. як акумулятар лібідыёзнай энергіі непасрэдна звязана з агнём, які праяўляе ў дадзеным выпадку сваю традыцыйную сексуальную сімволіку, інтэнцыю, якая перадаецца ад цела да цела. Так, у замове на захаванне кахання тры дзяўчыны раскладаюць вялікае вог- нішча, распякаюць С. любага і прыціскаюць яго да той, якая жадае распаліць каханне. С. непасрэдна звязана і з такім эмацыйнажыццёвым элементам, як кроў, праз якую пачуццёвая экспрэсія распаўсюджваец- ца па ўсім арганізме: «Вайдзі, мая кроў, яму ў сэрца, у жылы, ва ўсе суставы» С. наўпрост звязана з нервамі: «каб табе сэрца і нервы не знабіць», кажацца ў замове. Яно адлюстроўвае шырокі спектр моцных трагічных эмацыйных перажыванняў, зяўляецца іх непасрэдным інтэрпрэтатарам, выступае як самастойны вобразны субект: С. «знабіць», «таміць», «ташніць», «сушыць», «вынывае». Станоўчыя традыцыйныя азначэнні С.: шчырае, шчодрае, гарачае, рацівае. Функцыі С. адмяжоўваюцца ад разумовых: «прысыхаць» трэба «очы ў очы, сэрца ў сэрца, мыслі ў мыслі». У чорнай магіі паражэнне С. было адным з найцяжэйшых і часта прадугледжвала лятальны зыход.