Интересные ссылки

Страха

Дах, верхняя мяжа нутраной прасторы жытла, той рубеж, якi аддзяляў сферу неба ад свету людзей, прыкрываў прастору жытла ад небяспечных сiлаў i ўплываў (параўн. «пад богаваю страхою», г. зн. «пад адкрытым небам»). Наагул усё пакрытае, тое, што мае верхнюю мяжу, ацэньвалася як станоўчае. Не вынятак i хата, надзейнасць пакрытасцi якой забяспечвалася шэрагам рытуалаў: не выкарыстоўвалi для С. салому ад збожжа, зжатага на дзень Барыса i Глеба; на Пакровы пяклi так званы «святы» пiрог, якi прыкладалi да С., каб моцныя вятры не разбурылi яе. Калi жылая прастора хаты сiмвалiчна пазначала свой свет, верхняя яго частка С., падстрэшша адпавядалi нябёсам i ўсяму тагасветнаму. Сувязь С. з касмiчным верхам падкрэслiвалася салярнай семантыкай арнаменту: на франтоне змяшчалiся выявы Сонца, а хвалiстыя лiнii ўвасобiлi самое неба з яго дажджамi. Столь i адпаведна гарышча ў сялянскiх хатах зявiлiся параўнальна позна, а пад жытло не абсталёўвалiся да апошняга часу. Таму з сiмволiкай С. у многiм супадае сiмволiка столi i гарышча. Менавiта пад С., паводле народных уяўленняў, жылi душы продкаў. Вiдаць, да iх звярталася знахарка, якая стукала мятлой у столь, калі кагосьцi лячыла. На гарышчы адводзiлася месца Дамавiку. Убачыць яго можна было ў Чысты чацвер, прынесшы з царквы запаленую свечку i падняўшыся з ёю на гару. Тады ўбачыш Дамавiка, якi ляжыць там у выглядзе голага чалаве- ка. Калi накрыць яго якойнебудзь кашуляй, Дамавiк выканае тваё запаветнае жаданне. У легендах на гарышчы жыве яшчэ адзiн дух Хут, што забяспечвае гаспадароў розным багаццем. Напярэдаднi Чыстага чацвярга пад С. клалi хлеб, соль i мыла. Верылi, што пры спрыянні добрых духаў, якiя жывуць пад С., гэтыя рэчы набудуць магiчную сiлу. Наагул прастора вышэй С. разумелася ўжо як той свет, i таму змяшчэнне туды пэўных прадметаў надавала iм падкрэслена межавы, медыятыўны характар. На Каляды дзяўчаты зубамi выцягвалi са С. саломiнкi чыя даўжэйшая, тая з дзяўчат хутчэй выйдзе замуж, у каго саломiнка будзе мець колас з зернем, тая выйдзе замуж за багатага, у каго без зерня за беднага, калi саломiнка без коласа цi зусiм застанецца ў дзеўках, цi выйдзе за ўдаўца. Цераз С. кiдалi валёнак, каб ён там завiс, i глядзелi, куды пакажа насок, туды i пойдзе дзяўчына замуж. На Фамiн дзень перакiдвалi праз С. велiкоднае яйка, i калi яно, упаўшы, разбiвалася на кавалкi, лiчылi, што сёлета нехта ў хаце памрэ. Сама С. i яе элементы, будучы мяжой светаў, вонкавым сваiм бокам належалi ўжо звышнатуральнай прасторы i набывалi ўсе яе, у тым лiку i адмоўныя, характарыстыкi. У замове «ад злога чаравання» «стаiць змяя пад страхой, цягае маю салому, пугае маю карову». Але як i iншыя атрыбуты замагiлля, або свету продкаўапекуноў, салома са С. улучалася ў медыцынскую магiю: ёю падкурвалi пры начнiцах, бралi тры разы па дзевяць саломiн i пералiвалi праз iх над валаснём (хворым пальцам) гатаваную ваду. Пры вылечваннi ад начнiц асаблiва «памоцнай» лiчылася вада, сабраная з жолаба, якi падтрымлiвае дах; у ямкi, утвораныя ад сцякаючай са С. вады, клалi нiтку з навязанымi на ёй вузельчыкамi пры бародаўках. Сама семантыка верху, узрастання ў С. i столi абумовiлi матыў замаўлення багацця, падымання, росту ў адпаведных рытуалах. Усадзiўшы ў печ каравай, каравайнiца з лапатай адразу ж выбягала на двор i кiдала яе на С., у iншых варыянтах каравайнiк тройчы стукаў лапатай у столь, магчыма, каб падымаўся каравай у печы. За вясельным сталом першую чарку вылiвалi на столь з воклічам: «Высокiя расцiце!» У народным уяўленнi, аднак, захавалася i архаiчнае разуменне манiпуляцый са столлю як зваротаў да вышэйшых сiл: «Робяць гэта, каб Бог даў шчасце». Канструктыўныя i дэкаратыўныя элементы страхi кшталту вільчык, «какошнiк» маюць шматпланавае значэнне і звязаныя з практыкамi гэтак званай «будаўнiчай ахвяры». Найменні канструкцый даху кшталту чуб, лабяк, залоб, казырок, прычэлле супастаўляюцца з назвай частак цела чалавека. Акрамя таго, С. асэнсоўвалася як жаночы элемент хаты у Рэчыцкiм пав. на С. «нячэснай» нявесты ўночы ўсцягвалi старыя зезджаныя санкi.