Интересные ссылки

Яшчар

Яшчур, мiфiчная iстота, адпаведнiк  Змея, антыпода   Перуна. Сказанае пацвярджаецца сувяззю Я. з арэшнiкам, арэхамi, паколькi ў славянскай народнай традыцыi арэхавы куст азначае локус змея. Пярун грамавiк, пераследуючы змея, нiколi не пускае свае стрэлы на арэшнiк, бо арэшнiк ёсць месцам бяспекi змея, яго тэрыторыяй. Толькi  маланка можа папалiць арэхi. Калi знаходзяць у гронцы пусты, чорны ўсярэдзіне арэх, кажуць: «Малання спалiла». Мiфалагiчных паданняў пра Змея шмат, пра Я. захавалася толькi калядная гульня, дзе сувязь Я. з  арэшнiкам падкрэслiваецца вельмi выразна: Я. сядзiць у арэхавым кусце, ён арэшкi лузае. Я. сядзiць на залатым крэсле, гэта знак таго, што Я.   кароль, ён выбiрае сабе нявесту, ува ўсiх дзяўчат забiрае вяночкi, ён павiнен быць незвычайны, робiць розныя мiны, грымаснiчае, дзяўчаты пакорлiва вымольваюць у яго свае вянкi. Матыў «мужвуж» цi «мужзмей» даволi пашыраны ў казках, паданнях, бо гэта адна з ягоных праяў у гульнёвым тэксце, якi да таго ж прымеркаваны да Калядаў. Каляды, такім чынам, былі часам панавання Я., калi Пярун яму не пагражаў. Найпершым атрыбутам калядных святаў лічацца арэхi (як на Вялiкдзень     яйка). Гульнi з арэхамi,  частаванне iмi было абавязковым. У вялiкiх семях мацi абавязкова надзяляла iмi кожнага з сямейнікаў, не дазваляючы дзецям расцягваць запасы дачасна. Хто не меў часу дужа займацца зборам арэхаў, той, нiбы ў апраўданне, казаў: «Трэба ж назбiраць якую жменьку арэхаў к Калядам».