Интересные ссылки

Ярыла

Адзiн з багоў дахрысцiянскага пантэона ў беларусаў. У  вядомага этнографа П. Шпiлеўскага (Драўлянскага) захавалася апiсанне беларускага свята ў гонар Я., якое адзначалася 27 красавiка (па ст. ст.) i захоўвалася яшчэ ў сярэдзiне XIX ст. Выбiралi дзяўчыну i апраналi яе ў белае адзенне Я., якi ўяўляўся маладым прыгожым мужчынам, босым, з чалавечай галавой у правай руцэ i жытнёвымi каласамi ў левай. Дзяўчыне апраналi на галаву вянок з кветак i садзiлi на белага каня, прывязанага да слупа. Вакол iх дзяўчаты ў вянках вадзiлi карагод (часам i па засеянай нiве) i спявалi песнi пра Я. як апекуна ўрадлiвасцi (раслiннай i чалавечай).

Пасля прыняцця хрысцiянства ўсюды 23 красавiка (6 траўня) прынята адзначаць свята Юря, якi ўвабраў у сябе многiя рысы Я. i  мае блiзкае па гучанні iмя.   Белы  колер адзення Я. атаясамлiваецца з белым адзеннем Бога цi святога Юря. У палабскiх славянаў 15 красавiка адзначаўся дзень бога Яравiта. Нямецкiя мiсiянеры суадносiлi Яравiта з богам вайны Марсам, i ў той жа час ён лiчыўся богам урадлiвасцi, ва ўладзе якога знаходзiлiся зелянiна i плады зямлi. У часе вайны залаты шчыт Яравiта неслi перад войскам. З гэтай ваярскай функцыяй бога можна супаставiць i чалавечую галаву ў руцэ Я. У юраўскiх песнях таксама падкрэслiваецца, што святы Юря «...будзе вас сабiраць i меччу галовы адсякаць». Характэрна, што на ноўгарадскiм абразе «Чудо Георгия о Змие» пачатку XIV ст. святы Юры трымае шчыт з выяваю сонца ў выглядзе чалавечага твару ў фас. Некаторыя даследнікi бачаць у гэтым адлюстраваннi далейшае развiццё вобраза Я. як сонечнага божышча, з чым стасуецца i прызначэнне шчыта Яравiта, залаты колер якога можна  супаставiць з белым колерам адзення Я. Iстотна, што Яравiт уваходзiў у склад чатырохчасткавай сiстэмы багоў у палабскiх славянаў, а гэта стасуецца з чатырма Пяркунасамi ў балтаў. У  адным з рукапiсаў XV ст.адзначана, што «Перунъ есть многъ», iншымi словамi  мае шмат iпастасяў. У беларускiм фальклорнаэтнаграфiчным матэрыяле вядома свята «ярылавiца» («ярылкi»), якое адзначалi на Юря (у красавiку), на Сёмуху, русальным тыднi i на Купалле (майчэрвень). Свята ўтрымоўвае як магiчназемляробчыя элементы, так i шлюбнаэратычныя. У Расii ў XIX ст. свята ў гонар Я.спраўлялася ў нядзелю перад Пятроўскiм пастом (Кастрамская i Уладзiмiрская губ.). Наладжвалi пахаванне пудзiла Я. з падкрэслена выразнымi мужчынскiмi атрыбутамi. У  Маскоўскай вобл. святкаванне Я. адбывалася ноччу, каля вогнiшчаў на ўзгорку паблiзу ракi, яно мела «разбэшчаны характар». У  некаторых мясцiнах на свята Я. распальвалi вогнiшчы, варылi i фарбавалi  яйкi, пасля заходу Сонца купалiся. Вядома назiранне, што Ярылiн дзень (Ярылкi) у Расii захавалiся там, дзе не святкавалi Купалле. А. Голан iмя Ярылы лiчыць роднасным iмёнам старажытнагрэцкага Эраса, Геракла, бога вайны Арэса, а таксама ЮрыяГеоргiя. Пазнейшы святы Юры ўвабраў у сябе рысы як хрысцiянскага пакутнiка, так i паганскага божышча. Iмя Я. этымалагiзуецца ад славянскага *jara «вясна».