Интересные ссылки

Яйка

Мiфапаэтычны сiмвал першакрынiцы жыцця i пладароддзя.  Паводле старажытных паданняў, сусвет быў створаны з Я., пакладзенага казачнай птушкай Фенiксам або вадаплаўнай птушкай (качкай). Сусветнае Я. апiсваецца як залатое. Сусвет утрымлiвае ў самiм сабе не толькi жыццёвы пачатак, але i кiраванне лёсам сусветнага зла. У  казках пра Кашча Несмяротнага пералiчваюцца ўкладзеныя адно ў адно пад дубам рытуальныя сiмвалы куфар,  заяц, качка, Я. i ў iм Кашчава смерць. Я. увасабляе жыватворную сiлу, якая процiстаiць рознай нечысцi, i ў некаторых выпадках яно роўнае маланцы. Чорт  можа быць забiты маланкай або Я., знесеным напярэдаднi Калядаў, калi нараджаецца Сонца. Аднак калі курыца знясе Я. на першы дзень свята, то ў гаспадарцы чакалі ўбытку. Вялiкая роля Я. у  аграрнай магii. Вясной у полi каталi Я. Пры першай сяўбе дзеля забеспячэння добрага ўраджаю ў полi араты мусіў зесцi Я., пры сяўбе лёну Я. падкiдвалi як мага вышэй. У дзень першага выгану жывёлы на пашу сяляне пагладжвалi яе Я. па спiне. Я. знаходзiцца ў цэнтры велiкоднай абраднасцi. Пафарбаванае ў чырвоны колер Я. у хрысцiянскай iнтэрпрэтацыi сiмвалiзуе кроў, пралiтую Iсусам Хрыстом дзеля збавення людзей ад грахоў. Велiкоднае Я. каталi з горак, клалi ў зерне, падрыхтаванае на пасеў. У час сяўбы па полі раскiдвалi шкарлупiны. У  хаце шкарлупiны ад Я. затыкалi ў шчылiны бярвенняў, каб не вадзiлiся прусакi. На Радаўнiцу (Вялiкдзень памерлых) пафарбаваныя Я. пакiдалi на курганах i могiлках, крыжападобна каталi iх там, што лiчылася сродкам часовага ажыўлення мёртвых. Гаючыя ўласцiвасцi прыпiсвалiся нават вадзе, у якой фарбавалi Я. У некаторых мясцiнах Беларусi на Радаўнiцу на могiлках распальвалi вогнiшчы i пяклi на iх  яешню. Я. i  яешня лiчылiся магiчным сродкам, якiя забяспечвалi маладым дзетароднасць. Шмат iснуе паверяў аб магiчнасцi Я., якое можа знесцi певень. Калi Я. знясе певень, якому мiнула сем гадоў, то з яго народзiцца вогненны Змей (Цмок).