Интересные ссылки

Яваркi

Персанажы казкі «Знайда Дуброўскі», імаверна, паходжаннем вобраза звязаныя з падобнымі да іх персанажамі беларускай народнай міфалогіі  Ядзеркамі,   Сарэнамі (марскімі людзьмі, вадзянымі каралеўнамі або фараонкамі). Iмавернасць гэтага ўзмацняецца тым, што і Я., і згаданыя вышэй персанажы вядомыя прыкладна з адной тэрыторыі ў запісах М. Федароўскага, магчыма, ім жа самім і інкарпараванымі ў тэкст казкі. Казачныя Я.   тры сястрыпрыгажуні, марскія каралеўны. Яны высокія, танклявыя, з залатымі валасамі і бровамі, ходзяць у сярэбраных сукнях і чаравіках. Найпрыгажэйшая з іх самая малодшая. Як выходзіць яна з мора, то перад ёй нібы зоры рассыпаецца дыямантавая раса. У  моры Я. кіруюць вялікай колькасцю марскога народа (параўн. марскіх людзей у міфалагічных аповедах), пераважна нейкага пакрачнага, бязладнага выгляду. Малодшай Я. прыслугоўваюць дванаццаць марскіх дзяўчын, падобных да самой Я., толькі ходзяць яны ў ядвабных фартушках, вышываных залатымі ніцямі. У сваіх марскіх валадараннях Я. мае незвычайных жывёлаў і птушак: коней з залатымі ўздзечкамі, кароў з залатымі рагамі, сярэбранымі «ракавінамі» і дыямантавымі вачыма, шэрыя гусі велічынёй з печ і белыя, як лебедзі, качкі памерамі з жорава. Наагул у каралеўстве Я. усё вылучаецца або ненатуральнымі памерамі, або незлічонай колькасцю: кабыла мае памеры з найбольшае гумно, а прыгнаныя Знайдам з мора яе жарабяты «завалілі цэлы купцоў двор, як цёмная хмара»; кароў столькі, «як зораў на небе», а «дойлы ў іх былі такія велькія, як найбольшая дзяжа» і г. д. Папарадзе Бога і з дапамогай яго чароўных дарункаў (сівога коніка, залатой булаўкі, акуляраў і залатога бічыка) Знайда Дуброўскі здабывае хітрасцю малодшую Я. і, прайшоўшы шэраг тыповых для казак выпрабаванняў, бярэ з ёю шлюб. Цікава адзначыць яшчэ некалькі важных момантаў. Да Бога Знайда прыходзіць на загад прыймовага бацькі (купца), каб даведацца, чаму тры дні не свяціла Сонца і тры гады не было дажджу. У іншых казках падобнага сюжэтнага тыпу герой выпраўляецца непасрэдна да самога Сонца. I  Бог у разгляданай казцы выступае відочным субстытутам апошняга. У казцы «Агонь у сэрцы, а розум у галаве» жонкай героя таксама становіцца рачная прыгажуня, сонцава дачка. У  час своеасаблівага выпрабавання героя Сонцам яна ператвараецца ў гожую зорку на небе і пасля доўгіх пошукаў яе закаханым зноў у прыгажуню і яго будучую жонку. Звяртаюць на сябе ўвагу паслядоўныя транспазіцыі з персанажнага коду ў астральны і наадварот. I  тут варта прыгадаць, што ў некаторых казках прычына, чаму Сонца не свяціла тры дні, тая, што яно проста загледзелася на марскую прыгажуню і забылася на свой дзённы шлях па небе. Але ўдалае заляцанне да прыгажуні выпадае не на долю Сонца, а на долю героя казкі, які ў гэтым выпадку можа разглядацца як свайго роду двайнік Сонца, як разумеў падобныя трансфармацыі пры пераходзе ад міфа да іншых наратыўных жанраў Ю. Лотман. Але герой аказваецца і больш удалым супернікам свайго прыймовага бацькі (купца), які, не прайшоўшы выпрабавання, не дабіваецца рукі Я. і  гіне ў катле з гарачым кабыліным малаком. У гэтай развязцы сюжэта купец выступае таксама як двайнік Сонца і, такім чынам, як бы працягвае гісторыю няўдалага заляцання апошняга з натуральным фатальным зыходам. Аднак у казках такога тыпу мы можам (беручы пад увагу адзначаныя транспазіцыі з персанажнага коду ў астральны і наадварот) бачыць своеасаблівую «бесканфліктную» трансфармацыю вядомага міфалагічнага сюжэта «Нябеснай сямі» і «Нябеснага вяселля», дзе заляцанні Месяца да Заранкі  (Венеры) прыводзяць у выніку да жорсткага пакарання Месяца. Падобна, што казкі разыгрываюць гэтую ж тэму, але са значнымі сюжэтнымі перабудовамі, выкліканымі пераносам цыклічнага міфа ў лінейныя структуры чарадзейнай казкі, а таксама тыповым менавіта для казак (а не для міфа, прынамсі, беларускага або літоўскага і да іх пад.) разуменнем Сонца як персанажа мужчынскага, што таксама ўносіла блытаніну ў сюжэтную структуру астральнага міфа.