Интересные ссылки

Юрай

Юре, Юря, Ягоря, Георгi, старажытныя святы народнага календара (адзначалiся 6 мая i 9 снежня н.ст.) у гонар святога  заступнiка свойскай жывёлы i сялянскай нiвы. У хрысцiянскую эпоху святому Георгiюпераможцу былi нададзены функцыi такога язычнiцкага боства як Ярыла. Гэтыя святы (асаблiва веснавое) былi напоўненыя шматлiкiмi абрадавымi дзеяннямi, песнямi, паверямi, прыкметамi апатрапеiчнага i заклiнальнага характару. Веснавы Ю. знаменаваў сабою сапраўдны пачатак вясны. Менавiта з гэтага дня, як лiчылi амаль усюды, пачынае куваць зязюля. На Ю. сяляне выходзiлi з песнямi i ахвярнымi стравамi аглядаць свае зарунелыя палеткi («калi прыйдзе Юры, не ўгледзiш у жыце куры»). З Ю. звязваўся, як правiла, i першы выпас жывёлы (запасаў корму для яе павiнна было хапiць як мiнiмум да гэтага дня «На Юря каб сена было i ў дурня»). Дбайны гаспадар не прапускаў без увагi стан надворя i рабiў для сябе пэўныя высновы: «Калi на Ягоря мароз  будзе добры авёс». Снег на Ю. надаваў надзеі, што ўлетку пабялеюць палi ад удалай грэчкi, i наадварот  «Як на Юря пагода, то на грэчку няўрода». Густы юреўскi дождж упэўнiваў селянiна, што вырасце густое вялiкае жыта. Жыватворная юреўская раса таксама абяцала прыбытак: «Як на Юря раса хопiць коням аўса». Адначасова з апякунствам свойскай жывёлы Ю. лiчыўся валадаром ваўкоў. У народзе ўяўлялi, што Ю. едзе на белым канi i замыкае пашчы дзiкiм звярам, пасля чаго тыя менш нападаюць на скацiну. Статак старалiся выгнаць зарань, на цудадзейную расу, якая павiнна была забяспечыць вялiкi дастатак  малака. За лепшае лiчылi, калi запасванне супадае з поўняю («каб усяго было поўна»). Перад выганам жывёлы гаспадар тройчы абыходзiў яе з  запаленай грамнiчнай свечкай  i  апырскваў асвечанаю вадою. Абкурвалi жывёлу падпаленымi купальскiмi зёлкамi, што захоўвалiся ў кожнай хаце. Выганялi скаціну з хлява, пасцёбваючы асвечанымi на Вербнiцу галiнкамi  вярбы, потым iх уторквалi ў хляве ад злых духаў. На парозе хлява перад жывёлаю клалi розныя сiмвалiчныя рэчыабярэгi: яйка  каб заткнуць iм ваўку пашчуi каб каровы былi круглыя i поўныя (калi яйка заставалася цэлае пасля праходу жывёлы, спадзявалiся, што i жывёла сёлета будзе цэлая); замкнуты замок  як ахоўны сродак ад ваўкоў («Няхай так замкнецца яго пашча на ўсё лета»); нiты ад кроснаў ад укусу змяi  («Як гадзюка нiта не разбярэ, так ад кароўкi малака не адбярэ»); сякеру, каб абаранiць ёю гавяду ад нячыстай сiлы; пояс цi жменю выцягнутай са страхi саломы каб скацiна трымалася свайго дома; бязмен  каб жывёла павялiчвалася ў вазе. Запасванне на Ю. станавiлася i святам пастухоў  для iх гаспадары рыхтавалi добрыя закускi, а тыя на пашы ладзiлi сабе пачастунак.   У першы дзень пастухi не бралi з сабою  нажа, бо вастрыць яго, першы раз гонячы статак, значыла б вастрыць воўку зубы. Не забываў селянiн у гэты дзень i пра сваю нiву. Ён выходзiў на яе з загорнутым у абрус караваем    увасабленнем леташняга ўраджаю  i абыходзiў палеткi, потым клаў  хлеб у рунь, i калi ён хаваўся ў жыце, казалi, што яно сёлета будзе ўдалае. Выносiлi на поле косткi, што заставалiся з велiкоднага стала, i закопвалi iх па канцах поля, каб не расло пустазелле. Асвячоная вербачка ўторквалася ў зямлю з вераю, што гэтым самым удасца абаранiць нiву ад граду. На полi частавалiся, спявалi юраўскiя песнi. «Юре Бога клiкала: //  Да падай, Божа, ключыкi // Адамкнуць зямлiцу // Да выпусцiць травiцу, // Да на травiцу расiцу, // Да на буйна жыта, // Да на цёпла лета, // Да на волiкi ярмачко, // Да на кароўкi малачко». Пра восеньскага (цi зiмовага) Ю. гаварылi, што ён «грудай гвоздзiць». Перагукваўся восеньскi Ю. («халодны») са сваiм веснавым святам («галодным») у народнай прыкмеце:«Колькi на асенняга Юря снегу, столькi на вясенняга  травы». Як адзiн, так i другi, мелi дачыненне да свойскай жывёлы i драпежнiкаў, толькi зiмовы Ю. рабiў зусiм адваротнае: «Асеннi Ю. адмыкае раты ваўкам», г. зн. з  гэтага дня крыважэрныя ваўкi пачынаюць хадзiць зграямi i нападаць на скацiну. У дзень зiмовага Ю. падстрыгаюць грывы i хвасты    коням, а таксама аднiмаюць ад кабыл жарабятсмактуноў i ставяць iх у асобныя стайнi да вясны. Увесну i ўвосень Ю. святкуецца поруч з прысвяткамi Мiколы, якi таксама выступае ў фальклоры апекуном сялянскай гаспадаркi. Гэтыя святыя пастаўленыя разам i ў шматлiкiх прыказках: «Вясною Георгi i Мiкалай  з кормам, зiмою  з гвоздам» або «Юрай масцiць, а Мiкола гваздзiць (грудзiць)».