Интересные ссылки

Шатаны

Нячысцiкi, якiя ў сваёй надакучлiвасцi i неадчэпнасцi падобныя да Каснаў, але адрозна ад iх жывуць i дзейнiчаюць паасобку, не дзелячыся намерамi з iншымі. Панурыя i маўклiвыя, гэтыя нелюдзi не прыйдуць сваiм братам на дапамогу, не звернуцца пры патрэбе, бо цярпець адзiн аднаго не могуць. Нават са сваёй Шатанiхай Ш. рэдка ўступае ў сувязь, i таму яны амаль не размнажаюцца. Каб дабрацца да выбранай ахвяры, Ш. можа азяроднай жэрдкай нават падваліць хату, так што і на ўласнай печы не знойдзеш ад яго паратунку. Ш. цярпець не можа  ведзьмаў, якiя беспакарана дражняць яго i прымушаюць уцякаць. Не занятыя сваім шкодніцтвам, Ш. плятуць лапцi або вырабляюць дарожныя кіi, бо гэтыя рэчы ў iх хутка зношваюцца. Ш. гiнуць падчас чартоўскiх прыставанняў, таму іх не так і шмат. У народзе бытуе выслоўе: «Не так Шатан, як Шацяняты». Часам Ш. называлі проста ўсякага чорта  або дябла, відавочна, кантамінуючы словы «Сатана» і «Шайтан». Менавіта Ш. у легендзе «З чаго ліха на свеце» намовіў дужэйшых узяць уладу над слабейшымі, з чаго на зямлі зявіліся паны і ўсялякае ліха. На Расоншчыне распавядалі пра выпадак, як людзі, што вярталіся надвячоркам з паншчыны, бачылі, як пасярод возера Расона, падкурчыўшы ногі, сядзеў Ш., граў на дудзе і спяваў вядомую ў наваколлі песню. Ён быў чорны, як вугаль, меў даўгія рукі і агромністую галаву. Страшныя спевы Ш. доўжыліся ўсю ноч. Ш., як і іншых нячысцікаў, можна забіць, заладаваўшы стрэльбу сярэбранымі грашыма (павере, пашыранае і ў суседняй Літве). З першымі спевамі пеўня Ш., як звычайна, знікае. Параўн. Шат.