Интересные ссылки

Чортавы камянi

Адна з катэгорый сакралiзаваных камянёў. Уяўляюць сабой валуны аморфнай формы з неапрацаванай паверхняй, найчасцей вельмi буйных памераў, якiя звычайна знаходзяцца ў глухiх балоцiстых мясцiнах. Часам назва «Чортаў камень» дублюецца найменнямi кшталту Божы камень, Кравец, Волат, Вялiкi камень. Чортавым каменем называюць самы буйны ў Беларусi Вялiкi камень у Шумiлiнскiм рне. Звычайна распаўсюджаны паданнi, што чорт нёс валун i хацеў завалiць  дзверы храма, але прапяяў певень,  i чорт выпусцiў сваю ношу. Нярэдка камень  гэта хата чортакраўца цi чорташаўца (вв. Вялiчкi Пастаўскага, Ратынцы Валожынскага, Варонiна Сенненскага рнаў). Шматлiкiя паданнi, згодна з якiмі каля каменя ноччу збiраюцца чэрцi, танчаць або гуляюць у карты (вв. Лынтупы i Палессе Пастаўскага, Вялец Глыбоцкага рнаў). У в. Вялец iснуе паданне, што чорт танчыў на каменi i ад яго пятак засталiся дзiркi. Вылучаецца сюжэт паданняў, калi чэрцi здзеквалiся з прахожых (вв. Варонiна Сенненскага, Раманiшкi Пастаўскага, Горкi Шумiлiнскага, Мачулiшчы Крупскага, Булавiшкi Браслаўскага, Наўгароды Мёрскага рнаў ды iнш.). Вядома шмат паданняў пра камянi з назвай Чортаў след. Згодна з паданем, след на каменi блізу в. Расальшчына Iўеўскага рна дябал пакiнуў тады, калi прарок   Iлля  гнаў яго з зямлi. У Булавiшках Браслаўскага рна расказваюць, што камень раней ляжаў каля балота i быў мяккi. Аднойчы з балота выбраўся чорт, накiнуўся на чалавека, якi праходзiў побач, i пачаў над iм здзеквацца. На валуне блізу в. Сянежыцы Навагрудскага рна ёсць два паглыбленнi, што нагадваюць сляды чалавечых ног. Меншае паглыбленне лiчыцца следам Мацi Божай, а большае  следам чорта, якi гнаўся за ёй. Характэрна, што большы след знаходзiцца з левага боку. У мiфалогii з левымi або нiжнiмi полюсамi бiнарных апазiцый звязваюцца хтанiчныя персанажы. Усе беларускiя найменні камянёў, звязаных з чортам, i паданнi пра iх адпавядаюць лiтоўскiм i латышскiм назвам i сюжэтам. Лiтоўскi даследнік мiфалогii Н. Велюс, прааналiзаваўшы вялікі фальклорны матэрыял пра вяльняса (чорта), прыйшоў да высновы, што ў часы паганства гэты персанаж зяўляўся божышчам, апекуном мёртвых i жывёлы, быў звязаны са жрацамi i музыкамi, з лесам, звярамi, земляробствам i граў важную ролю ў сферы эротыкi. Яму адпавядаў славянскi Вялес (Волас).

Чортавы камянi вядомыя толькi ў паўночнай частцы Беларусi. За межамi нашай краiны яны найбольш распаўсюджаны ў Лiтве i Латвii, ёсць у Пскоўскай вобласцi. Як арэал распаўсюджання, так i падабенства паданняў пра iх дазваляюць казаць пра Чортавы камянi як адну з асаблiвасцяў тэрыторыi, занятай у жалезным веку i раннiм Сярэднявеччы балтамi. Прататыпам чорта ў фальклорных паданнях быў не хрысцiянскi чорт, а паганскае хтанiчнае божышча. Глыбокая старажытнасць культу гэтага божышча можа быць прычынай тапаграфiчнай прывязкi Чортавых камянёў да глухiх неабжытых мясцiн. Гэта яшчэ раз сведчыць пра сувязь такiх валуноў з хтанiчным культам.