Интересные ссылки

Часнык

Чоснак,  раслiна, якая дзякуючы свайму востраму смаку i рэзкаму паху выконвала ў народным побыце функцыю абярэга. Мяшэчак з Ч., чацвярговаю соллю  ды iншымi рэчамi вешалi на шыю каровам  з мэтаю ўберагчы iх ад ведзьмаў малочных  i новым прыдбаным      коням, каб яны не баялiся сурокаў. Ч. служыў чалавеку ахоўным сродкам на працягу ўсяго ягонага жыцця. Маленечкае, яшчэ не ахрышчанае дзiцятка, калi ў яго было сцiсканне скiвiцаў, казалі, можа выратаваць сама маці, калi яна пагрызе Ч. i падзьмухае дзiцяцi ў рот. Перад выпраўленнем немаўля на хрышчэнне мацi, наеўшыся Ч., таксама хукала на яго, тое ж рабiлi i блiзкiя, але ў дачыненнi да мацi, засцерагаючы яе самую. Кумы перад хрышчэннем таксама ўжывалi Ч., каб у патрэбны абрадавы момант дзьмухнуць, адагнаўшы ад ахрышчанага дзiцяцi нячыстую сiлу. На пэўным этапе дзiцячага росту, калi цяжка праэзвалiся зубкi, мацi хукала яму ў рот Ч.: дзеянне было заснавана на падставе вонкавай аналогii (зубок  i зубок часныку). Выкарыстоўвалi Ч. i  на вяселлi: ад чараў нявесце ў дарогу на шлюб клалi ў кiшэню галоўку Ч. або давалi ёй насiць Ч. на працягу ўсяго абраду. Наагул людзi мелi звычай заўсёды насіць некалькi зубкоў Ч. за пазухаю з ахоўнай мэтаю. Калi ў хаце нядаўна яшчэ быў  нябожчык, то ад Вялiкадня i да Узвiжання («Часнэйка») нiхто не павiнен быў есцi Ч. i толькi на гэтае свята, фанетычна сугучнае з Ч., дазвалялася разгаўляцца iм. Аналагiчныя апатрапеiчныя ўласцiвасцi прыпiсвалiся i    цыбулi.