Интересные ссылки

Цiс

Сакральна вылучаная расліна індаеўрапейцаў, вечназялёнае дрэва ці кустарнік з вялікай працягласцю жыцця (да трох тысяч гадоў), дзякуючы чаму стала сімвалам даўгалецця, «вечнага жыцця», адраджэння пасля смерці, дабрабыту. Гэта  вынікае з формулы рытуальнага дабразычання цару і царыцы ў хетаў: «Падобна да таго, як дрэва eia вечна зелянее і лісця з сябе не скідвае, таксама цар і царыца хай будуць зелянеючымі (квітнеючымі) і справы іх гэтаксама будуць вечнымі». У міфе пра Тэлепіну Ц. выступае як сімвал вяртання ўрадлівасці і дабрабыту. Ц. распаўсюджаны ў прыродзе ад Скандынавіі да вусця Дуная, яго шмат на Каўказе і ў Малой Азіі, на Балканах, у Карпатах. У гістарычныя часы Ц. адсутнічаў ва Усходняй Еўропе і Паўночным Прычарнаморі. Пісьмовыя крыніцы сведчаць пра распаўсюджанасць гэтай расліны ў Германіі і Галіі ў цэзараўскія часы на мяжы нашай эры. Адсутнасць Ц. у прыродзе сучаснай Беларусі не сцерла ўспамін пра Ц. і яго семантыку ў беларускай вуснапаэтычнай спадчыне, дзе ён нароўні з    яварам, вінаградам  ды іншымі  раслінамі з далёкай прарадзімы актыўна ўлучаецца ў сістэму народнапаэтычных выяўленчых сродкаў. Жыхары  Карпацкага рэгіёна галінкі Ц. клалі сярод яек, што прыносілі ў царкву асвячаць на Вялікдзень, гэты звычай святары лічылі праявай язычніцтва, патрабавалі замяняць іх галінкамі мірта. Асаблівасцю выкарыстання Ц. у фальклорнай спадчыне беларусаў зяўляецца страта ягоных значэнняў як жывой расліны  сімвала даўгавечнасці, працягласці жыцця; на першае месца выступае незвычайная якасць драўніны Ц., з якой выраблялі ўжытковыя прадметы вышэйшай якасці, неабходныя і ў рытуальна магічнай дзейнасці. У гэтым сэнсе Ц. як драўніна прыпадабняецца да       золата, яна сапраўды незвычайная мала паддаецца гніенню, мае цёплы ружовы колер, добра апрацоўваецца, трывалая, а свежая нават атрутная, што мела таксама пэўны сэнс. Як з золата, паводле фальклорных дадзеных, выраблялі прадметы для рытуальнамагічнай дзейнасці  венчыкі, пярсцёнкі для вянчання, залатыя кубкі для рытуальных піроў, залатыя сярпы для зажынання, сохі для заворвання і да т. п., так з Ц. выраблялі «тугія лукі», сталы для абрадавых піроў, цісовыя лаўкі, ложкі, вядзерцы і да т. п., якія мелі значэнне ідэальных, служылі сімвалам дабрабыту, святочнасці, хараства. Звычайна расліны з выдатнымі якасцямі маюць міфалагічныя паданні пра сваё незвычайнае паходжанне. Ц. у беларускай спадчыне такіх паданняў не мае ў адрозненне ад явару. Магчыма, такое становішча абумоўленае адсутнасцю Ц. у прыродзе Беларусі і, адпаведна, знікненнем неабходнасці тлумачыць, чаму ён такі, якімі падзеямі яго «біяграфіі» выкліканы пэўныя якасці. Матывы пра паходжанне явару таксама захаваліся толькі ў баладах, г. зн. ужо ў другасным стане, арганізаваныя ж тэксты песняў выдатна захоўваюць архаіку. Пэўная цьмянасць вобразаў Ц., явару, вінаграду ды іншых сакральных раслін не зніжае іх значэння для вуснапаэтычнай спадчыны  яны надаюць ёй асаблівую глыбіню, змястоўнасць, паэтычнасць.