Интересные ссылки

Цёця

Цюця, персанаж беларускай мiфалогii, багіня лета, старэйшая за багіню вясны Лёлю. Вядома была не ва ўсіх беларускіх губернях. Беларусы ўяўлялi яе вельмі прывабнай, поўнай і мажнай жанчынай з упрыгожанай спелым калоссем галавой ды з пладамi ў руках. Згодна з паведамленнем А.Кiркора, Ц. лiчылася жонкай   Перуна. Верылi, што на   Каляды  падземны цар, прадчуваючы нараджэнне Божыча, светлага сонейка, хоча загубiць народжанага. Для гэтага ён пад выглядам  мядзведзя  разам са зграяй ваўкоў (г. зн. мяцелiцамi) ганяецца за жонкай Перуна Грамаўнiцай  (г. зн. Ц.). Але Грамаўнiца, якая сышла з неба, хаваецца ў зараснiках вербаў, нараджае Божыча, г. зн. Дажбога. Паводле А. Кiркора, Ц. таксама было прысвечана свята Грамнiчнай Божай Мацi, цi Грамнiцы, якое святкавалася 15 лютага. Ц., як i святая ПараскеваПятнiца, уважалася за апякунку дзяўчат i шлюбаў.

Вяч. Ус. Iванаў i У. М. Тапароў лiчылі, што ў асобных традыцыях iмя Мокашы  магло быць заменена або эпiтэтамi, або родавымi назвамi цэлых класаў iстот. Такiм мясцовым эпiтэтам i магло стаць iмя Ц. Можна таксама заўважыць, што Ц.  і Ляля (Лада) утвараюць пэўнае адзінства, некантрадыкторна проціпастаўленыя паводле азнакаў «жанчына»/«дзяўчына». Абедзве ўяўляліся багінямі плоднасці і ўрадлівасці. Гэта дае пэўныя падставы бачыць рэфлекс гэтай жаночай пары, прынамсі, у двух, звязаных адно з адным, календарных святах  Вялікай Прачыстай (Успленне, 28 жніўня н. ст.) і Малой Прачыстай (Багач, 21 верасня н. ст.). Першае з іх прысвечанае смерці Багародзіцы, а значыць, звязана са сталым яе ўзростам. Другое  яе нараджэнню і, такім чынам, малому ўзросту. Абодва святы былі аграрнымі святамі новага ўраджаю. Можна меркаваць, што гэтыя хрысціянскія святы перакрылі колішнія паганскія, прысвечаныя дзвюм жаночым постацям рознага ўзросту Ц. і  Лялі, якія, магчыма, уяўляліся як маці і дачка. У гэтым яны былі б падобныя на старагрэцкую жаночую пару  Дэметру і Персефону, таксама звязаную з урадлівасцю зямлі. Цікава, што галоўнае свята ўшанавання «абедзвюх багіняў»  славутыя Элеўсінскія містэрыі  ладзілася таксама на пачатку восені, у месяцы баэдраміёне, які адпавядае верасню.