Интересные ссылки

Цадзiлка

Тканiна для працэджвання  малака, сiмвалiчнасць якой выяўляецца ў рытуалах, звязаных з актывiзацыяй так званых «малочных» чараўнiц (гл. Ведзьмы малочныя) i адпаведна з абаронай ад iх свойскай жывёлы. Ц.  найперш атрыбут у руках вясковых чараўнiц пры адыманнi iмi малака ў кароў. На вялiкiя святы  Юре, Купалле  гэтыя чараўнiцы цягалi Ц. па траве, збiралi расу i давалi пiць сваiм каровам або выкручвалi Ц. у даёнку, куды з яе цякло чыстае малако. Чараўнiца ў выглядзе мухi садзiлася на Ц., каб зрабiць малочныя чары. Але калi такую муху завязаць у Ц. i павесiць у комiне, ведзьма неўзабаве памрэ. У купальскiх рытуалах Ц. таксама метанiмiчна прадстаўляе саму чараўнiцу, бо манiпуляцыi з гэтым прадметам выклiкалi адпаведную рэакцыю жанчыны  «варылi» Ц. усю ноч з вераю, што гэта «ведзьмiна сэрца варыцца, яе рукi баляць». Калi ў Ц. уторквалi  iголкi  (часам з адламанымi вушкамi) i варылi, чараўнiца пакутавала i абавязкова прыходзіла, каб штонебудзь пазычыць. З  iншых запiсаў вядома, што Ц. варылi ў «купальскiм зеллi» i давалi пiць гэты напар сурочаным каровам.