Интересные ссылки

Хмель

Раслiна, вядомая людзям яшчэ ад паганскiх часоў. У  жыццi чалавека Х. i пiтво з яго адыгравалi такую важную ролю, як у паўднёвых народаў вiнаградная лаза, а ў iндаiранцаў  святая сома/хаома (слав. chъmelь этымалагічна роднаснае гэтым апошнім словам). Славяне выкарыстоўвалi Х. для прыгатавання рытуальнага мёду i пiва i надавалi яму незвычайны сiмвалiчны сэнс. Яшчэ ў XVI ст. iснаваў абрад царкоўнага асвячэння Х. У мiфапаэтычнай традыцыi Х. звязваўся са сферай любоўных узаемадачыненняў. У  карагодных песнях гэта сiмвал адвагi, зухаватасці i жанiхання, а таксама сродак зблiжэння полаў. У часе вяселля Х. сiмвал жанiха: «Звiўся хмель з тычынаю, злюбiўся Паўлюська з Матрунаю». Х. пазначае таксама свабоду ўзаемадачыненняў, бо здольны часова здымаць абмежаваннi ў паводзiнах чалавека, у тым лiку i шлюбныя. Менавiта з Х. у мiфах некаторых народаў свету звязаны матыў iнцэсту. У беларускай так званай «пiўной» песнi: « Сарву я малада пiўнувінну ягаду, // С тэй мяне ягады пахмелiна разняла, // Схiнуся, зброшуся я к свёкару на краваць». З  падобнай сiмволiкай звязанае i задзейнiчанне Х. у прысушках i любоўнай магii. Праз свой адметны пах, наркатычныя якасці i матыў ускоснай сувязi з   агнём  Х. набывае якасцi раслiныапатрапея. Яго насiлi ў чаравiку, каб не баяцца ўрокаў, клалi ў шлюбны ложак маладым, сыпалi ў дзверы, як нясуць  нябожчыка. Часам Х. дадаваўся да вады для рытуальнага ўмывання. У  былой Вiцебскай губ. вянком з Х. упрыгожвалi бабкупавiтуху, падчас грымотаў Х. курылi ў хаце. М. Малоха