Интересные ссылки

Хлейўнiк

Хляўннк, сядзiбны дух, якi жыве ў хляве, часам разам с Хляўнiцаю. Х. мае свае асаблiвасцi характару, звычкi, дзiвацтвы i можа не толькi спрыяць сваёй гаспадарцы, але i шкодзiць. Улетку i ўзiмку Х. заўсёды сядзiць у заднiм куце хлява цi на бэльцы, курыным седале, назiрае за скацiнаю, праводзiць яе да   парога  i  зноў вяртаецца на сваё месца. Асабліва любую жывёлiну Х. можа суправаджаць, куды б яна нi адлучалася, нават у палявую агароджу цi чужы хлеў. Х. пераборлiвыя: адзiн не любiць вараных, другi шэрых, трэцi двухжыльных коней, але ўсе яны не любяць стракатых (гл.  Пярэстасць) i лапленых. Менавiта на такiх конях яны заязджаюць у хлеў i псуюць жывёлу. Пры сiмпатыi да сваiх гаспадароў цi калi па густу масць жывёлы, Х. песцiць i чысцiць кожную скацiну, заплятае коням грывы i хвасты, носiць ваду вёдрамi, падкладвае паболей корму, не дазваляе адным жывёлiнам крыўдзiць другiх. У  адваротным выпадку Х. кудлацiць i выдзiрае поўсць, скручвае грывы i хвасты ў каўтуны, адштурхоўвае нялюбых жывёлiн ад корму i пераносiць да любiмцаў. Будучы звязаны з  каровамi  i  коньмi, Х. рэдка займаецца       авечкамi  i нiколi         свiннямi    i  козамi , якiх ледзьве трывае ў хляве. Яшчэ неяк мiручыся з казою, Х. не церпiць казла, якога наўмысна пасяляюць у хляве, каб вывесцi Х. Ва ўсiх стасунках з жывёламi Х. застаецца нябачны i толькi зрэдку  ўзнiкае ў вобразе скурчанага худога чалавека, што нагадвае шкiлет хлопчыка ў скуры дарослага. Х. можа дзейнiчаць i ў цемры, i пры свечцы з сiнiм полымем, якую запальвае крэсiвам i трутам. Згодна з паверямi, Х. псуе скацiну: уначы заезджвае ў стайнi коней, ад чаго тыя худнеюць i могуць акалець, а таксама кароў, якiя неўзабаве перастаюць даваць малако. Даведаўшыся, што завёўся лiхi Х., усяляк стараюцца яго выжыць.   Абярэгам ад Х. лiчылі забiтую сароку, падвешаную над дзвярыма стайнi. Не пераносiць Х. i жывую сароку, калi тая садзiцца на хлеў i сакоча, выдаючы яго прысутнасць, зза чаго ён робiцца разюшаны, спаганяе гнеў нават на ўлюбёных жывёлiнах i, нарэшце, можа зусiм сысцi з хлява. Сродкам выгнання Х. служыла таксама канапляная пуга з адпаведнаю колькасцю вузельчыкаў, адмыслова сплеценая i навязаная на асiнавае пугаўё. Пасцёбваючы такою пугаю, кожную свойскую жывёлiну пераганялi цераз жароўню  (агонь)  са словамi: «Пайшла, хiра (немач,   хвароба , погань), на ўзвей  вецер!» Калi Х. у  гэты час сядзiць на адной з жывёлiн, то ад пугi, агню i магiчных слоў замовы ён пакiдае статак у спакоi. Апатрапеiчны сэнс мела i падвешаная над яслямi  грамнiчная свечка, наяўнасць якой не дазваляла Х. пранiкнуць у хлеў. Згадваючы Х., нiколi не называлi ягонага iменi, старалiся не глядзець на кут, бэлькi i шасты, дзе ён мог знаходзiцца. А перш чым iх крануць, спачатку называлi гэтыя рэчы, каб папярэдзiць Х., якi, прачнуўшыся знянацку, можа нарабiць нямала бяды.

Працягласць жыцця Х. гэтакая ж, як i ў Дамавiка, аднак Х. раней за яго старэе, бо гнiе ў брудным хляве i шмат церпiць ад паразiтаў, што пераходзяць да яго ад жывёлаў. Калi Х. не дрэмле, то цярэбiцца, скiдваючы паразiтаў i закарэлы гной, ад чаго яго скура лысее. У неахайным неабароненым хляве Х. найбольш сядзiць у сваiх сховах i мала займаецца скацiнаю, якая без яго догляду робiцца брудная. Вынiкам помсты Х. цi ягонай гiбелi можа стаць паморак скацiны. Дзе Х. загiнуў, там нiколi не будзе весцiся свойская жывёла. Гл. таксама Вазiла.