Интересные ссылки

Хлеб

Найбольш сакралiзаваны вiд ежы, сiмвал дабрабыту, шчасця, дастатку. Як «Дар Божы» зяўляецца ўвасабленнем чалавечай (калектыў най i персанальнай)  долi, карыстаецца асаблiвай пашанай i выклiкае амаль рэлiгiйнае стаўленне. Падымаючы ўпушчаны Х., яго цалуюць са словамi «Ах, Божанька ты мой!» цi «Даруй, Божухна». Пакiнутыя крошкi або кавалкi Х., кiнутыя падчас абеду сабаку, маглi прыводзiць да няўроду цi голаду. Увасабленне ў Х. долi асаблiва праяўляецца ў ся мейнай трываласцi. На        вяселлi бацькi маладога, як бы выконваючы функцыi   Бога, давалi жанiху Х. з соллю, гаворачы: «Дарую цябе шчасцем i долею, хлебам i солею». Як самы каштоўны дар Х. выконвае функцыю унiверсальнай ахвяры ва ўзаемадачыненнях соцыуму (чалавека) са сферай боскага (сакральнага): Богам, продкамi, прыроднымi стыхiямі i iх увасабленнямi. Так, Х. з закручанымi ў яго       валасамi  i пазногцямi (замена чалавечай ахвяры) служыў платай Лесавіку за пазбаўленне ад хваробаў. Пры        пажары вакол палаючай хаты абносiлi Х., пасля чаго яго кiдалi ў   агонь  з  мэтай суцiшыць полымя. Крошкi Х. закiдвалi ў вадаёмы, каб не патапiлася скацiна. У якасцi дарунка Х. насiлi да святых     камянёў  i  крынiцаў («прошчаў»). Як квiнтэсенцыя дабра Х. выступае вельмi дзейсным    абярэгам  ад злых сiлаў. Х. з соллю, асвечаны на Агату (18 лютага н. ст.), натыкалi на рогi каровам як сродак ад сурокаў i захоўвалi ў хаце на засцярогу ад пажару. Iснавала забарона выпраўляцца ў дарогу  без Х., якi гарантаваў бяспеку. Х., спечаны з мукi, змолатай на вадзяным млыне   на  Купалле, не даваў чалавеку патануць на працягу года. На Юря Х. з соллю на велiкодным ручнiку тройчы абносiлi скацiну, каб статак прыбываў i не цярпеў ад  ваўкоў. У  гэты ж дзень гаспадар абыходзiў свае палеткi з караваем, пасля чаго вяртаўся ў хату ўжо з «святым Х.», якiм (доляй) надзяляўся кожны з сямi. У якасцi магiчнага сродку Х. шырока выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне, дапамагаючы ад крыксаў, спуду, лiхаманкi (Х. «выкатвалi» цела хворага i выносiлi катыш на ростанi), сурокаў, для захавання плоду ды iнш. Як за сiмвалам дабра за Х. замацавалiся функцыi дыягностыкi пры выбары месца пад будаўнiцтва хаты: Х. клалi па 4 баках свету, калi цераз ноч ён заставаўся некранутым месца лiчылася добрым.

Асаблiвая роля адводзiлася першаму выпечанаму Х., якi быў неадлучнай часткай калядных варожбаў. Вялiкая ўвага надавалася самому працэсу выпечкi Х. (пераўтварэнне «прыроднага», сырога ў «культурнае», печанае). Х. не магла пекчы «нячыстая» жанчына (падчас месячных, пасля родаў), не дазвалялася ў гэты час сварыцца цi лаяцца ў хаце Х. мог «пакрыўдзiцца», «спалохацца». Момант, калi Х. знаходзiўся ў печы (печ  як канал сувязi з «iншасветам») лiчыўся асаблiва знакавым. Так, калi бохан у печы развальваўся на дзве часткi  памрэ гаспадар цi гаспадыня; калi ў мякiшы вертыкальная трэшчына  да падзелу сямi, гарызантальная  да замужжа дачкi цi сын пойдзе ў прымы. Ва ўяўленнях беларусаў Х. быў надзелены якасцямi жывой iстоты (характар, эмоцыi), з якой трэба было «сябраваць», «паважаць» i якая сама магла спрыяць, караць, павучаць чалавека  («Пакiнь стрэльбу i вуду, то i я ў цябе буду»). Вобраз Х. як сiмвала добрапрыстойнасцi, долi, дабра шырока выкарыстоўваецца ва ўсiх жанрах беларускага фальклору.