Интересные ссылки

Сож I Дняпро

Сож I Дняпро

Сярод пушчаў і бароў, на прыгорку, стаялі калісь харомы вялікага валадара, сівавалосага старца Рыдана. 3 канца ў канец зямлі хадзілі чуткі пра Рыданава багацце. Больш за ўсё славілася схаваная за дванаццаццю дзвярамі, дванаццацю замкамі залатая Рыданава карона. Як адмыкалі замкі, адчынялі дзверы і выносілі тую карону на свет, то калі была ноч, яна днём станавілася, а калі была зіма, то перамянялася ў лета,— так зіхацелі дарагія камяні на Рыданавай кароне.

Зайздросцілі суседнія валадары гэтай кароне і вырашылі здабыць яе ў Рыдана. Зазвалі чараўнікоў, загадалi ім прыдумаць спосаб, каб украсці карону з Рыданавай скарбніцы. Тыя думалі тры дні і тры ночы і прыдумалі скарыстацца Разрыў-травой, каб адчыніць замкі, а каб варту ўсыпіць — выкарыстаць Сон-траву.

Прыдумаўшы гэта, паслалі злодзеяў красці залатую Рыданаву карону. Тыя, прыйшоўшы пад харомы, сыпнулі Сон-травы, і ўся варта паснула. Дакрануліся Разрыў-травой да замкоў — тыя паспадалі. Тады ўзялі яны залатую Рыданаву карону і пусціліся назад.

Устаў раніцай сівы Рыдан, падышоў да акна — ажно ўся варта покатам спіць, увесь народ у сне непрабудным валяецца. I зразумеў старац адразу, што няма ў скарбніцы яго залатой кароны. Падышоў ён тады да звона, ударыў раз, ударыў два. Прабудзіліся толькі два Рыданавы сыны — асілкі Сож і Дняпро. Звярнуўся бацька да Дняпра і кажа:

—   Вазьмі, сынок, сталёвую зброю, каваны меч і бяжы садамі, лугамі аж да скалістых гор, дагані цікунцоў з каронай.

Схапіўся Дняпро і чым хутчэй пабег, а Сож застаўся пры бацьку. Сеў на залаты пасад стары Рыдан і кажа Сожу:

—   Прылажы, сынку, вуха да зямлі, паслухай, ці бяжыць Дняпро?

Прылажыў Сож вуха да зямлі і кажа:

—  Бегма бяжыць і не стаміўся яшчэ. I другі раз кажа бацька:

—Прылажы, сынку, вуха да зямлі, паслухай. Прылажыў сын вуха да зямлі і кажа:

—  Бяжыць, бацька, але ўжо цяжка .дыхае — шум зямлёй ідзе.

I трэці раз сказаў бацька паслухаць сыну. Сын прылажыў вуха да зямлі і кажа:

—  Гул зямлёй ідзе і крык вялікі. Тады ўстаў Рыдан з насада і загадаў:

—  Бяжы ж ты, сынку, імхамі, балотамі на падмогу брату, бо адзін Дняпро не праб'ецца праз скалістыя горы.

Пусціўся Сож імхамі, балотамі на падмогу брату, а стары бацька застаўся чакаць сваіх сыноў. Доўга чакаў стары, не дачакаўся, з маркоты вялікай пачаў ён плакаць:

—  Бадай нам, дзеткі мае, слязьмі разліцца.

Ды ўлучыў ён такі момант, што такі сапраўды разліліся слязамі браты і стары бацька: у рэкі ўсе трое ператварыліся. Дняпро плыве садамі ды лугамі, Сож — імхамі ды балотамі, а Рыдан — куды вочы глядзяць.