Интересные ссылки

Пярэварацень

Пярэварацень

Каб ператварыцца ў якую-небудзь жывёліну, беларус уторквае ў глухім месцы лесу, аддаленай пусткі дванаццаць аднолькавых нажоў у зямлю, вастрыём угору, і тройчы куляецца цераз іх, імкнучыся не скрануць нажы з месца. Пасля першага куляння чалавек губляе дакладныя рысы свайго твару, пасля другога — застаецца бясформеннай жывой істотай, пасля трэцяга — набывае поўны выгляд жывёлы, у якую пажадаў ператварыцца. Калі надыходзіць час вярнуць першапачатковы воблік, пярэварацень зноў тройчы куляецца цераз тыя ж нажы, але з адваротнага боку, прычым змена яго знешнасці адбываецца ў адваротным парадку.

Для ператварэння ў ваўка, лісу, тхара ці ласку дастаткова сямі нажоў, цераз якія адбываецца тое ж трохразовае кулянне. Але каб ператварыцца ў дробную птушку, паўзуна ці казяўку, можна абысціся і без нажоў, толькі з дапамогаю асінавага пня. Чалавек хапаецца за верхні край пня і імкліва куляецца цераз яго — на друтім баку ён адразу робіцца жаданаю жывёлінай. Адваротным куляннем пярэварацень зноў ператвараецца ў чалавека.

Калі сам пярэварацень скрануў з месца адзін з прадметаў, цераз якія куляўся, ці гэта зрабіў старонні і тым больш знёс прадметы, пярэварацень назаўсёды застанецца ў набытым выглядзе, хіба што яго выручыць пасвечаны ў таямніцы такога пярэваратня блізкі чалавек.

Бывалі выпадкі, калі няшчасны пярэварацень гінуў ад стралы, трапляў у пастку, сіло, у паляўнічую сетку. Здымаючы скуру з забітага пярэваратня, знаходзілі пад ёю струхлелае адзенне, пацеркі, завушніцы, пярсцёнкі, і адзначалі, што цела мае чалавечыя формы. Часцей за ўсё пярэваратні ператвараюцца ў жывёл для продажу — каня, карову, авечку, свінню, гусь, курыцу. Згодна з папярэдняй дамоўленасцю з блізкай асобаю пярэварацень прадаецца як сапраўдная жывёліна, якая неўзабаве сыходзіць ад свайго новага гаспадара. Прададзеная другі раз, у іншыя рукі, яна зноў сыходзіць ці ператвараецца ў новую жывёліну, і так некалькі разоў.

Ператварэнні пярэваратняў не адбываюцца беспакарана для іх саміх. 3 кожным такім дзеяннем жыццё іх скарачаецца на некалькі дзён. У выніку пад старасць пярэваратні адступаюцца ад сваёй дэманічнай дзейнасці, тым ці іншым сродкам выкупляюць жыццёвыя грахі і паміраюць звычайнымі дабрачыннымі людзьмі.