Интересные ссылки

Чароўныя жывёлы. Кот. Змееў камень

Чароўныя жывёлы

Беларус здольны вывесці штучна дзвюх жывёл, якія маюць звышнатуральныя ўласцівасці. Гэта Кот і Змей.

Кот

Каб вывесці Ката, трэба ўзяць якога-небудзь пеўня і на працягу сямі год даглядаць яго добра. Ён знясе яйка. Гэтае яйка трэба некаторы час насіць пад пахай, пакуль з яго не выйдзе чорны Кот. Кот гэты на працягу амаль усяго дня застаецца нябачны. Ён з'яўляецца толькі вечарам, калі ўсе ў хаце засынаюць моцным сном. Тады гаспадыня смажыць яешню і ставіць у талерцы на падлогу. Праз некалькі хвілін з'яўляецца Кот, з'ядае прыгатаваную для яго ежу і зноў знікае да наступнага вечара. Калі ж па нейкай прычыне не прыгатаваць яму яешню, то ён можа спаліць хату. За добры догляд Кот добра ўзнагароджвае. Ён можа ноччу забрацца ў чыё-небудзь гумно, дзе ёсць жыта, пшаніца. Наядаецца зерня і, вярнуўшыся да свайго гаспадара, адрыгвае зярняты ў аблюбаваным ім месцы. Кот прыносіць не толькі збожжа, але і скарбы. Калі нясе скарбы, то яго ахутвае вогненнае святло, калі збожжа — святла няма. Калі ён ідзе, то чуваць невялікі шум і гудзенне.

Змееў камень

Недалёка ад вёскі быў узгорак ля дарогі, на ім ляжаў вялізны Змееў камень. Старыя людзі гэтак аб ім расказвалі. Раз улетку ў ціхую пагодлівую ноч ляцеў вогненны Змей з поўначы на поўдзень. Раптам адчынілася Неба, светласць вялікая разлілася. Людзі, молячыся, валяцца на зямлю, а Змей, выцяты нябеснымі косамі, валіцца на ўзгорак і пераварочваецца ў камень. Золата і срэбра, што ён нёс з сабою, там жа на месцы самі закапаліся ў зямлю.

3 таго часу пачалі з'яўляцца на розных месцах узгорка розныя постаці. Адны бачылі плачку на камені, якая выцірала сабе слёзы насоўкай, што палала агнём. Другія — позна ідучы дарогай, — бачылі карлаў чорных і тоўстых, як бочка. Іншым з'яўляліся чорныя казлы, якія з зямлі скакалі на камень, а з каменя на зямлю, і шмат іншых дзівосаў. Кажуць яшчэ, што калі хто асмеліцца ля Змеевага каменя начаваць, то здабудзе гэтыя скарбы.