Интересные ссылки

Змей

Змей

Змей падобны да звычайнага вужа, толькі значна большы за яго — увесь залаты, гарыць як жар, і мае крылы.

Змей дапамагае ўсім людзям, якія з ім знаюцца. Ён легка пералятае з месца на месца. Лётае надзвычай хутка. Убачыць яго можна толькі на золку. Ён заўсёды ахутаны цёмнай хмарай. Пры палёце Змея бачны вогненны след.

Выводзяць беларусы Змея наступным чынам. Калі чорны певень пражыве сем гадоў, то пад канец сёмага года знясе асаблівае з выгляду яйка, якое па форме нібыта ракавіна звычайнага смаўжа. Гэтае яйка трэба насіць пад пахаю тры гады. Тады вылупіцца з яго маленькае Змеяня. Яго трэба пеставаць, трымаць у цяпле, карміць яешняй (гэта яго выключная ежа) і нічым не раздражняць. Тады ён будзе служыць больш верна, чым сябра. Стаўшы дарослым, Змей пачне лятаць і прыносіць снапы з чужых палёў у гумно, золата з невядомых скарбаў. Увечары яго можна часам бачыць на небе. Як ляціць вогненны, чырвоны — золата нясе, як цёмны, чорны — збожжа, снапы. Убачыўшы, што Змей пераносіць скарбы, з яго не трэба смяяцца, бо ён спаліць насмешніка з хатнім скарбам. Хто прагне авалодаць дабром, якое нясе Змей, павінен тры разы сказаць: «чур-чур-чур» і разаслаць белую хусту на зямлі усё дабро ссыплецца на хусту.

Жыве Змей у клеці, нікому не паказваецца. Туды яму гаспадар ці гаспадыня штодзённа носяць свежую яешню. Але яе чамусьці нельга саліць: нічым так не ўгнявіш Змея, як пасаліўшы яму яешню. За гэта ён спальвае ўсё гаспадарова дабро і сам адлятае. Наогул, ён, раззлаваўшыся, помсціць пажарам.

Сусед, жадаючы зрабіць гаспадару Змея зло, можа з'есці прыгатаваную для Змея яешню і замест яе на патэльні пакінуць нешта гідкае. Змей пакарае за гэта свайго гаспадара, як за замах на жыццё.

Быў такі выпадак. Парабак, падгледзеўшы, як гаспадыня носіць Змею есці яешню, аднойчы з'еў тую яешню сам. Змей вельмі разгневаўся, думаў, што гаспадыня кпіны састроіла, і спаліў увесь двор, і гумно, і дом. Гасілі людзі, гасілі і не далі рады. Стаяць, глядзяць на галавешкі, а тут кола старое ляжыць (а гэта быў Змей, ён перакінуўся ў кола, жыць яму ўжо не было дзе). Дык сусед кажа:

— А што ж яно тут будзе гарэць — дый перакінуў у свой двор.

Дык адкуль толькі што ўзялося ў яго! Усё яму пайшло: і ўраджай, і ўсялякае дабро.

Зрэдку Змей лётае па начах у які-небудзь дом і ўступае ў любоўную сувязь з жанчынай. Такога завуць Змей-любан.

Гаспадар можа пазбавіцца ад Змея толькі тады, калі даведаецца, дзе Змей начуе. Даведаўшыся пра месца начлегу, трэба ўзяць канец атосы, вымазаць у дзёгці, і, знайшоўшы соннага Змея, ударыць яго з усяго маху адзін толькі раз — інакш ён ажыве. Пасля першага ўдару Змей выпускае з сябе полымя, потым смуродны дым, потым перакідваецца чым толькі можа і ўгаворвае чалавека ўдарыць яго другі раз і нарэшце з ровам здыхае. Калі ўдарыць яго другі раз, тады ён сам заб'е чалавека, усю маёмасць спаліць і попел з ветрам развее.