Интересные ссылки

Пярун і Змей. Насланнё

Пярун і Змей

Недалёка ад Пачаевіч стаяць бярозкі. Дык тут Пярун забіў Змея. Як толькі забіў — пайшоў дождж. Двое сутак запар ішоў дождж, усё навокал пазатапляла.

Тады людзі сталі Змея хаваць. Выкапалі яму, паклалі яго туды і засыпалі. Толькі засыпалі, а яго зямля выціснула наверх. Яны зноў яго засыпалі — тое ж самае. Што тут рабіць? А дождж ідзе і ідзе. Думалі яны, думалі і прыдумалі вазіць зямлю на пеўню. Ну, сталі вазіць, сталі вазіць — і засыпалі. Як толькі засыпай Змея, і дождж перастаў. А тая мясціна з тых часоў Змяёўкай завецца.

Насланнё

Насланнё робяць толькі вельмі моцныя чараўнікі. Як хто не дагодзіць чарадзею, дык ён і нашле на таго чалавека якое-небудзь ліха ці хваробу. От, здаецца, чалавек быў здароў быццам дуб, а тут раптам як схопіць, — то не можа і чхнуць. Ляжыць чалавек, бы пласт, агнём гарыць. Здаецца, паднясі цёску, то і шыбане полымя. Гэта наслана. Яшчэ добра, калі яно наслана толькі каб трохі правучыць, тады чалавек пакачаёцца дзянькоў тры-чатыры ды і ачуняе, а калі ж не, то і зусім памрэ.

Чараўнікі маюць вялікую сілу і над свойскай жывёлай, могуць наслаць на яе хваробу, а часам і смерць.