Интересные ссылки

Чараўнікі і чараўніцы

Чараўнікі і чараўніцы

Чараўнікамі бываюць асобы абодвух полаў, хоць жанчыны займаюцца больш лёгкімі справамі. Зразумела, што мужчыны-чарадзеі таксама могуць рабіць тое ж, што і жанчыны, але яны амаль не апускаюцца да «бабскіх» спраў. Хоць і рэдка, чарадзеямі бываюць падлеткі, якія атрымліваюць здольнасць чарадзейства ад паміраючых бацькоў, але чары ўдаюцца падлеткам на поўную сілу толькі пасля дасягнення імі сталага ўзросту.

Чараўнікі — гэта звычайна маўклівыя, паважныя людзі, з уладным поглядам, фізічна вельмі дужыя, з вялікай і моцнай сям'ёй, пераважна сынамі. Чараўнікі звычайна маюць шырокія сувязі з гэткімі ж чараўнікамі.

Усе чараўнікі валодаюць дзвюма здольнасцямі: яны могуць і шкодзіць, і ратаваць у бядзе чалавека. Чараўнікі ўсё могуць: сапсаваць хлеб на корані, перашкодзіць усходам, напусціць на збожжа гніль у сціртах і копах, патравіць мышамі збожжа, напусціць ліхога чалавека, які абярэ да ніткі, адняць малако ў каровы, а то і скаціну звесці з двара. Няма нічога ў сялянскай гаспадарцы, на што не здольны паўплываць чараўнік. Каб спыніць дождж, чараўніца заганяла ў сцяну тапор і вешала гаршчок на тапарышчы; ад гэтага хмары разыходзіліся. Каб адагнаць хмары, чараўніку трэба скінуць з сябе світку, вывернуць яе — і хмары адразу разыдуцца. Здольныя чараўнікі насылаюць град. Духі па іх загадзе зграбаюць град з хмараў на зямлю.

Але яшчэ мацней выяўляецца гэтая сіла чараўнікоў на людзях. 3 імі яны могуць усё зрабіць: напусціць хваробу, папсаваць вочы, наслаць падучку або нават і смерць.

Можа шкодзіць чараўнік і тады, калі маладыя бяруць шлюб. Для гэтага неабавязкова выконваць нейкія дзеянні, яму дастаткова зірнуць ці пахваліць каго-небудзь ці што-небудзь, каб наслаць няшчасце. 3 імі баяцца заводзіць сваркі, а на вяселлях і іншых бяседах саджаюць на покуці і частуюць, як самага ганаровага госця.

Да чараўніка звяртаюцца па парады і дапамогу, калі захварэе чалавек ці жывёла. Яго просяць зняць чары і закляцці, накладзеныя нядобразычліўцам, просяць дапамагчы, каб пакараць яго.

Больш за ўсіх церпяць ад чараўнікоў паляўнічыя. Яны жывуць з чараўнікамі ў вялікай нязгодзе, таму што тыя апякуюць зайцоў, а паляўнічыя іх знішчаюць.

Сіла чараў вялікая. Толькі словам закляцця чараўнік можа наклікаць кару і на асобнага чалавека, і на сям'ю, цэлую вёску, загубіць добрую справу. Яшчэ мацней дзейнічаюць закляцці на пітво і ежу.

Чараўнікі лечаць людзей і жывёл. I ніколі не выдаюць таямніц свайго лячэння. Аднак назіраючы ўпотай, людзі даведаліся, якія камяні і зямлю вараць чараўнікі, чыё сэрца і вантробы здабываюць на парашкі, з якіх траў і карэння робяць лекі. Нарэшце, што ядуць і п'юць, калі хочуць выклікаць Духаў сабе на дапамогу. Калі яны хочуць зачараваць каго старонняга, то даюць нейкую мазь. Тады чалавек хутка пачынае перамяшчацца на розных рэчах : на калу, на бервяне, на качарзе Ці вілках, лятае па паветры, скача, весяліцца ў кампаніі моладзі. Вярнуўшыся ў звыклы стан, такі чалавек перажывае знямогу і дакоры сумлення за ўбачанае і зробленае ім у час чараў.

На Ярылаў дзень чараўнікі ды ведзьмы раненька, да сонейка, голыя выходзяць у поле і там рассцілаюць ручнікі ды збіраюць расу. От тая раса і дае ім сілу цягнуць сабе ад кароў малако. Ёсць і такія чараўнікі, што проста прыстаўляюць барану з драўлянымі зубамі да сцяны, садзяцца пры баране, як пад кароваю, ды пачынаюць даіць. Тады прападзе малако ў тых кароў, пра якіх чараўнік падумае. Але гэта робяць толькі вельмі моцныя чараўнікі.

Моцныя чарадзеі насылаюць не толькі хваробу, але нават ваўкоў на коней ці свойскую жывёлу, насылаюць хваробу на статак, віхор або град, каб загубіць пасевы якога-небудзь чалавека. Вялікія чараўнікі маюць моц наслаць хмары з дажджом і згнаіць збожжа або сена. Тут ужо нічога не парадзіш, бо не ведаеш, калі тое няшчасце здарыцца. От затым людзі і годзяць чарадзеям, каб яны не злавалі.

Умовы і абставіны чараўніцтва, варажбы, заклінанняў нікому не вядомыя: усё гэта чараўнік перадае свайму наступніку толькі пры смерці. Пры жыцці ж гэтага перадаваць нельга; перадаючы раней часу, сам губляеш сілу чараўніцтва.

Духі абавязваюць чараўніка перад смерцю перадаць каму-небудзь свае чарадзейства. Ён перадае яго пераважна блізкім людзям, найчасцей — старэйшаму сыну. 3 нечалавечым крыкам і стогнамі паміраючы адганяе ад сябе сямейнікаў і пакідае аднаго толькі спадчынніка, які дапамагае яму залезці ў падпечак. Што адбываецца там з чарадзеем — гэтага ніхто з людзей не ведае. Неўзабаве чарадзей працягвае адтуль руку і загадвае цягнуць сябе. Як толькі сыдуцца рукі чарадзея і яго спадчынніка, сын успрымае бацькаву чарадзейную сілу, прычым у гэты час увесь дом трасецца.