Интересные ссылки

Залом. Закляцце маці

Залом

Калі чараўнік жадаў наклікаць на гаспадарскую ніву бяду, ён рабіў залом: ламаў ці заблытваў пук жытніх сцяблін. Чараўнік рабіў заломы ноччу голым. Звычайна гэта адбывалася ў Купальскую ноч ці ў час, калі каласіцца жыта і па ім бегаюць Русалкі. Залом мог мець розны выгляд: переломаны пук сцяблін, прыціснуты да зямлі; скручаны і завязаны вузлом, уткнуты калоссем у зямлю; пакладзеныя крыж-накрыж чатыры пукі сцяблін; сплеценыя ў вянок сцябліны. Пры гэтым чараўнік замаўляў: «Хто будзе жаць — таго будзе таскаць. Хто будзе малацiць, таго будзе калаціць. Хто будзе есці, той будзе на сценку лезці».

Чараўнік рабіў гэта, каб пазбавіць ураджайнасці тое поле, гаспадару якога жадаў адпомсціць ці зрабіць нядобрае. Зерня такое поле давала мала, бо Нядобрыя Духі пераносілі яго ў сусекі чараўніка. Да таго ж залом прыносіў бяду гаспадару поля ці жнеям, якія да яго дакраналіся, а таксама свойскай жывёле, якая з'ядала салому з яго. Звычайна людзі і жывёлы цяжка хварэлі і нават паміралі. Усё залежала ад характеру замовы.

Паколькі дакранацца да залому вельмі небяспечна, а хлеб з таго зерня таксама небяспечны, то людзі запрашалі іншага чараўніка, каб ён адрабіў. Залом вырывалі асінавымі трэскамі ці палкамі і спальвалі, кінуўшы на яго пук саломы ці асінавыя трэскі.

Закляцце маці

Па дарозе на сяло Краснае ёсць балота, якое калісьці было возерам. Жыла некалі каля гэтага возера маці-чарадзейка з адзіным сынам, які ўтапіўся ў гэтым возеры. Маці засмуцілася і закляла возера. Яно ператварылася ў балота. А раней па возеры тым караблі плылі: месцамі трапляюцца мачты, рэшткі караблёў. Цяпер дрыгва такая, што ідзеш, а зямля супраць цябе ўздымаецца.

Завязала чараўніца возера ў балота такім замком: няхай знойдзецца хлапчына сямі год, праедзе па балоце на кабыле трох год і адшукае тое месца, дзе патануў сын. На месцы тым выраслі тры чараціны (тры кусты чароту), трэба іх таму дзіцяці вырвацъ і, не азіраючыся, звезці прэч — зробіцца тады балота зноў возерам. Але як гэта зрабіць? Дзе такі асілак сямі год? Як яму праехаць па зыбучай дрыгве, як яму знайсці ў чаротавых зарасніках тыя самыя тры чараціны?