Интересные ссылки

Рымар

Рымар

Даўно, надта даўно людзі сяліліся рэдка, а лясоў было шмат. Усюды быў лес і лес. А ў адным месцы была вялізная крыніца, а з яе выплывала шмат вады. Тую ваду стрымлівала грэбля, пастаўленая ўпоперак логу. Таму тут было вялікае і глыбокае возера.

Жыў каля возера некалі нейкі Рымар, таму і мясціну звалі Рымараўшчына. Ля возера стаяла кузня. Рымар не толькі вырабляў розныя жалезныя рэчы, але яшчэ ўмеў варажыць і чараваць. Ён мог чалавека перавярнуць у ваўка ці іншага звера, а то і ў камень.

У гэтага Рымара-чараўніка было двое дзяцей — хлопчык і дзяўчынка. Раз Рымаравы дзеці купаліся ў тым возеры і патапіліся. Рымару было шкада сваіх дзяцей. Ён надта разгневаўся на возера і пракляў яго. У крыніцу ўкінуў ён засмаленую смалой зачараваную шчэтку і накрыў яе зачараванай скаварадой. А каб іншы чараўнік не зняў чараў з той заклятай шчэткі і скаварады ды не выкінуў іх з крыніцы, дык ён сам сеў на тую шчэтку, накрытую скаварадой, і перавярнуўся ў вялізны камень, які і прыціснуў тую шчэтку і скавараду.

Пасля таго не стала ні той вялізнай крыніцы, ні таго вялікага і глыбокага возера. Лог стаў роўны, як скаварада, ды парос густой травой, як шчэтка. Але ж памяць засталася ў тутэйшых людзей аб той вялікай крыніцы, ды аб тым вялікім і глыбокім возеры, ды аб

 Шэрсць пад капытамі каня.

чараўніку Рымару. Людзі шкадуюць той крыніцы і таго вялікага і глыбокага возера ды спадзяюцца, што яны адновяцца.

Праз шмат гадоў пасля заняпаду той крыніцы і возера прыйшоў да тутэйшых людзей іншы чараўнік. ЁН сказаў, што можа зняць чары Рымара і аднавіць крыніцу і возера. Для гэтага патрэбна сабраць дванаццаць дзецюкоў-асілкаў і дванаццаць дужых жарабкоў. Тыя дзецюкі і жарабкі адвернуць той вялікі камень, а ён зніме чары з той заклятай шчэткі і скаварады. Тады адновіцца крыніца і возера. Але перш чым аднаўляць крыніцу і возера, трэба выселіць з папярэчнай вуліцы іхняй вёскі людзей, бо на тым месцы мае праявіцца вялікая рака. Людзі пашкадавалі сваіх хатаў і сялібаў. Так да гэтага часу засталіся не адноўленыя крыніца і возера.