Интересные ссылки

Ператварэнне ў ваўкалака

Ператварэнне ў ваўкалака

Ёсць два віды Ваўкалакаў. Да першага адносяцца знахары, якія самі ператвараюцца ў Ваўкалака, а да другога — нявінныя ахвяры, ператвораныя ў ваўкоў. Першых беларусы вельмі баяцца, а другіх, наадварот, шкадуюць.

Маючы якія-небудзь нядобрыя мэты, чараўнік ператварае самога сябе ў ваўка. У розных месцах і рознымi асобамі гэта ператварэнне робіцца па-свойму. Так, адзін адшуквае ў лесе асінавы пень, хапаецца зубамі за яго край і праз галаву перакідваецца на супрацьлеглы бок пня. Другі кладзе на такі пень шчотку і грэбень ці трэску, якая са свістам адскочыла ўбок, калі секлі дрэва, і ў сваю чаргу куляецца цераз пень тройчы. Трэці ўтыкае ў зямлю сем аднолькавых нажоў вастрыём угору і куляецца цераз іх. Ва ўсіх гэтых выпадках, апынуўшыся на другім баку пня, нажоў, калоў, чараўнік робіцца Ваўкалакам.

Ваўкалакі-чарадзеі набываюць звярыныя ўласцівасці, робяцца таксама драпежнымі і крыважэрнымі. Яны выглядаюць зусім як сапраўдныя ваўкі, толькі ростам большыя за звычайных ваўкоў і больш драпежныя за іх.

Ваўкалакі не столькі нападаюць на свойскую жывёлу, колькі на людзей, асабліва на маладых і пераважна на дзяцей. Яны, аднак, не ядуць іх, а толькі высмоктваюць з іх кроў, як расамахі, мозг, думаючы гэтым амаладзіць сябе. Нападзенні іх тым жахлівей, што ніякая чалавечая сіла не можа супрацьстаяць ім. Такога ваўка нельга ні забіць, ні злавіць.

У Ваўкалака можа скінуцца і звычайны чалавек. Пры закладцы хлява гаспадар секануў сякераю па парозе тры разы і пасля заклінанняў вымавіў: «Хто пераступіць гэтае месца, той скінецца ваўком на ўсё жыццё!» Той, хто вымавіў гэтае закляцце, меў на ўвазе ненавіснага суседа, які цішком мог з'явіцца на будаўніцтве. Здарылася, аднак, што ў перапынку паміж работай заклінальнік выпіў, а вярнуўшыся да сваёй работы, забыўся і пераступіў заклятае месца і адразу ж стаў ваўком, згодна з закляццем, на ўсё жыццё.

Зусім інакш успрымаюць на Беларусі Ваўкалака — ахвяру чарадзейства. Кажуць, што гэтыя Ваўкалакі зусім ручныя, як хатнія жывёлы, выюць вельмі жаласліва ці то па-воўчы, ці то па-сабачы, а часта глуха стогнуць, як цяжка хворыя людзі, таму што, нягледзячы на ператварэнне ў ваўкоў, яны не губляюць чалавечых пачуццяў і нават некаторай свядомасці. Ваўкалака легка адрозніць ад звычайнага ваў-

ка: у яго вакол шыі белая палоска, вочы чалавечыя і вые ён не па-воўчы, а нібыта стогне і плача.

У стане ператварэння бедныя ахвяры бываюць па некалькі дзён, месяцаў і нават гадоў, але ніколі не бываюць усё жыццё. Дзе б і як бы ні было зроблена ператварэнне, яно ўсё-такі часовае, і ні адзін чарадзей не можа ператварыць на ўсё жыццё, як не можа зрабіць ператварэнне на цотную колькасць гадоў.

Спосаб жыцця Ваўкалакаў розніцца ад звычайнага воўчага. Так, Ваўкалакі выюць на ўсход ці ў бок сваіх вёсак, калі кладуцца спаць і падымаюцца, — гэта малітва. Пад галавою выкладваюць мох, траву, сухое галлё ці абрубак дрэва і каменя. Раніцой мыюцца, водзячы мордаю па роснай траве. Падпарадкоўваючыся звычцы, у першую веснавую пару яны разграбаюць зямлю аруць. Зразумела, ва ўсіх гэтых дзеяннях няма жыццёвага сэнсу, а толькі слабы водгалас іх чалавечай звычкі.

Натуральная смерць не насцігае Ваўкалакаў: пасля заканчэння тэрміну ператварэння кожны з іх захоўвае той выгляд, у якім знаходзіўся ў момант зачаравання. Па-сапраўднаму Ваўкалак можа памерці ад стралы паляўнічага. Акрамя голаду і пакутлівага ўсведамлення свайго становішча, Ваўкалакі не перажываюць ніякіх хваробаў.

Нямала ёсць сродкаў дапамагчы Ваўкалакам скараціць тэрмін ператварэння. Найбольш дзейсныя такія.

Трэба перакінуць цераз Ваўкалака суконны пояс, часам граблі, часам вілы так, каб кінуты прадмет закрануў яго толькі заднім канцом і пераляцеў ад галавы да хваста.

Трэба зняць уласную кашулю ці штаны, адным узмахам разарваць іх і цераз галаву кінуць да ног Ваўкалака: апошні ператвараецца ў чалавека, як толькі дакранецца да кашулі ці штаноў.

Трэба перацягнуць цераз дарогу (калі сустрэча на дарозе) суровую нітку і, прапусціўшы праз яе Ваўкалака, адразу разарваць папалам.

 Акрамя гэтых сродкаў ёсць і іншыя, дзе Ваўкалакі ратуюць сябе выпадкова, без удзелу сваёй волі і разумення, напрыклад калі ваўкалака пагрызуць сапраўдныя ваўкі ці калі, ратуючыся ад іх, ён нечакана кінецца ў ваду, пераважна бягучую.

Дзеці, прыжьггыя ў «ваўкалацтве», бываюць Ваўкалакамі да ператварэння сваіх бацькоў. Але, зрабіўшыся людзьмі, няшчасныя становяцца падманшчыкамі.