Интересные ссылки

Вадзянік

Вадзянік

Галоўным Духам Падводнага гаспадарства з'яўляецца Вадзянік. У кожным вадаёме: возеры, ставе, рацэ, лужыне, якая не высыхае, калодзежы існуе гэты водны Дух.

Але больш за ўсё Вадзянік любіць жыць у «жывой» вадзе, той, якая толькі што прабілася з-пад зямлі. Кожны вір мае свайго Вадзяніка. Жывуць яны і ў бяздонных крыніцах, у глыбіні рэк і азёр. Там, дзе жыве Вадзянік, зімою застаецца незамерзлае месца: тут лёд растае ад яго дыхання. На азёрах любяць Вадзянікі глыбокія і «закаложаныя» месцы. Каля такіх мясцін людзі плаваюць з вялікім страхам, асабліва ўночы, — як на зямлі са страхам праходзяць паўз балоты.

Сярод Вадзянікоў бываюць Вірнікі і Ціхоні: першыя жывуць у рухомай вадзе, а другія — у стаячай: у азёрах і ставах. Але адзін і той жа Вадзянік можа жыць як у бягучай, так і ў стаячай вадзе, абы вадаёмы злучаліся адзін з адным.

Па знешнім выглядзе Вадзянік — глыбокі стары. Ён сярэдняга росту, з доўгай лапацістай барадою, з такімі ж доўгімі валасамі на галаве ў форме кліна.

У яго гладкая бліскучая скура, азызлы твар, вялізнае пуза і тонкія доўгія ногі з перапонкамі між пальцамі. Акрамя таго, усё цела Вадзяніка пакрыта доўгімі валасамі, якія пры бліжэйшым разглядзе аказваюцца ці тонкімі струменьчыкамі вады, ці нечым накшталт водарасцяў, што прыліплі да яго скуры. Вадзянік здольны ператварыцца ў любую рыбіну.

Днём Вадзянік звычайна ляжыць на дне і пачынае сваю дзейнасць толькі пасля захаду сонца. Але за тыдзень перад Перуновым днём Вадзянікі дзейнічаюць і ўдзень. У гэты час яны асабліва небяспечныя. Нярэдка апоўдні Вадзянік выскоквае з вады да пояса і крычыць: «Рот ёсць, ды няма каго есці!» Так ён патрабуе чалавечай ахвяры.

Тапельцы не па сваей волі — ахвяры драпежнасці Вадзяніка. Ратаваць тапельца — гэта значыць адбіраць у яго здабычу. У Беларусі шмат мясцін, дзе былі некалі азёры і ў іх жылі вельмі прагныя Вадзянікі. Яны даволі часта цягалі людзей у вір. Тады навакольныя жыхары звярталіся да якой-небудзь чараўніцы, і яна, адшукаўшы вір, смела нырала на дно, затыкала галоўны выток возера «гарохвінамі» і закладвала зверху каменнем. Вада ў возеры мала-памалу знікала, і Вадзянік перасяляўся куды-небудзь у іншае месца.

Вадзянікі не сыходзяцца адзін з адным і варагуюць паміж сабою. Два Вадзянікі — рачны і калодзежны, якія жывуць амаль побач, ведаюць адзін аднаго па голасе і плёскаце вады, перамаўляюцца, але ніколі не бачацца. Людзі карыстаюцца Гэтым для знішчэння вадзяных Духаў і, злучыўшы канаваю ці каналам два вадаёмы, зводзяць двух Вадзянікоў, а тыя ў бойцы забіваюць адзін аднаго. Акрамя гэтага, Вадзянікоў можна выжываць свістам, якога яны, як і Лесуны, не пераносяць. Не пераносяць яны і попелу, які людзі сыплюць раніцай у ваду: Вадзянік атручваецца ад попелу, шалее ад свісту і разбіваецца аб пад* водныя завалы. Шаленства Вадзяніка вельмі небяспечнае для таго, хто праходзіць па беразе: Вадзянік хапае яго за крысо, пераварочвае лодку з чалавекам і цягне на глыбіню. Калі такі чалавек здолее ўцячы ад Вадзяніка, ён не пазбегне няшчасця на зямлі: сухапутны Нядобры Дух адпомсціць за Вадзяніка, асабліва калі пры свісце і высыпанні ў ваду попелу было згадана імя Вадзяніка.

Пад вадою ў Вадзяніка стаіць цудоўны палац, з якога ён у пэўны час дня і ночы выходзіць на дно рэк і азёраў. Затаіўшыся ў якім-небудзь віры альбо завадзі, чакае здабычы. Абавязкова ўтопяцца тыя, хто купаецца ў свята, калі вада павінна адпачываць, ці пасля захаду сонца. Асабліва небяспечна купацца і лавіць рыбу апоўдні і апоўначы.

Вадзянік далека ад вады не адыходзіць. Калі ж ён, затрымаўшыся на сушы на час, за які з яго сцячэ вада і прасохне ціна і водарасці, не вернецца ў ваду, то загіне. Тонкі пласт засохлай ціны і водарасцяў, абцягнуты ледзь прыкметнаю плеўкаю, які ляжыць на беразе — гэта тое, што засталося ад Вадзяніка. Але калі такі пласт, нікім не крануты, будзе падхоплены вадою ці ўкінуты ў ваду чалавекам, Вадзянік аджыве. У такім выпадку ён застаецца ўдзячны чалавеку, які скінуў яго ў ваду, за выратаванне. Калі выратавальнік будзе тануць, Вадзянік не толькі не прыме яго як ахвяру, але нават выштурхне на неглыбокае месца, падсуне бервяно, куст ці нешта яшчэ. Вадзянік будзе выказваць такому чалавеку ўдзячнасць да канца яго жыцця.

Удзячнасць Вадзяніка адчуваецца і ў наступным: ён прымае чалавека, над якім апякуецца, спаць на сваю пасцель, што знаходзіцца на дне вадаёма, прычым на соннага не ўпадзе нават ні кроплі вады. Пасцеля Вадзяніка вельмі мяккая, прыгожа ўбраная. Над тым, хто спіць, тонкая, як павуцінне, засень, скрозь якую ён бачыць жыццё раслін і водных жывёл, пераліванне вады, гульні русалак. Калі ж чалавек ткне пальцам у гэтае покрыва — вада адразу прасочыцца ў дзірку і залье неасцярожнага.

Вадзянік можа жартам ці са злосці пужаць рыбу каля сетак рыбакоў, раз'язджаючы вярхом на сваёй любімай рыбіне — соме. Пільна сочыць за тымі, хто купаецца, падхопліваючы ахвяры — рыбакоў і людзей, якія ўпалі ў ваду па неасцярожнасці. Губіць і скаціну: сеўшы на жывёліну, якая плыве ці валтузіцца ў вадзе, Вадзянік едзе на ёй і сваім цяжарам прыціскае яе да дна.

Якім бы чынам ні замучыў Вадзянік сваю ахвяру, ён доўга цешыцца з яе адчайных парыванняў вызваліцца з вады: то падыме на паверхню, дасць удыхнуць паветра, то яшчэ глыбей апусціць уніз, і так да таго часу, пакуль канчаткова знясіленая ахвяра не ўпадзе на дно. Але і тут Вадзянік працягвае мучыць ахвяру спадзяваннямі магчымага выратавання. Канчаткова забіўшы сваю ахвяру, Вадзянік зганяе да трупа п'явак, ракаў, жукоў, каб тыя здзекаваліся з цела, якое ён кідае, калі дастане душу. Душа тапельніцы ідзе на службу да Вадзяніка. Мужчынскія душы становяцца Вадзянікамі.

Калі ў яго ўладаннях ужо ёсць некалькі тапельніц, Вадзянік прытрымлівае толькі самазабойцаў, адпускаючы астатніх выпадковых тапельніц. Русалкі трапляюць пад уладу Вадзяніка і вымушаны трываць сувязь з ім. Вынікам гэтай сувязі бываюць шматлікія Духі, якія, аднак, больш за свайго бацьку шукаюць сувязяў з жывымі жанчынамі: гэтым апошнім і ўсяму іх роду яны дапамагаюць у рыбалоўстве. Вадзяняты пакідаюць род і знікаюць, як толькі дасягнуць паўналецця.

Ёсць Вадзянікі, якім не суджана было сумесна жыць разам з Русалкамі таму, што ў іх ўладаннях дагэтуль не было ніводнай самагубцы. Такія Вадзянікі злосныя да крайнасці і не прапускаюць ніводнай ахвяры, спадзеючыся сустрэць жанчыну.

Калі Вадзянік толькі жартуе, дурэе і забаўляецца, то відаць, як у тым ці іншым месцы возера ці ракі нечакана заклубіцца вада, усплывуць на паверхню бурбалкі, пачнуць разыходзіцца кругі. Уночы, пры ціхім надвор'і, ён пляскае далонямі па паверхні вады ці раве, нібы карова, кракае, быццам качка ці вадзяныя птушкі. Раптоўны разліў невялікай рэчкі ці ручая, каламучанне чыстых дагэтуль водаў — гэта жарты Вадзяніка.