Интересные ссылки
Ремонт компьютеров на китай-городе цены на ремонт компьютеров текстильщики профессиональный сервис

Пошасць і Паморак

Пошасць і Паморак

Некалі даўно быў вельмі добры адзін год: добрая восень, роўная зіма, а вясна цёплая, пагодная. Уночы ідзе ціхенькі, цёплы дожджык, а ўдзень ясна свеціць сонейка ды так грэе, што, здаецца, пасадзі на полі дзіця, дык і тое вырасце. Усё расце на полі, як на дражджах. Рады людзі, што даў Бог ураджай: усё зрадзіла.

Ідзе адзін чалавек па лесе, бачыць: сядзіць на пні якаясь вельмі гожая маладзіца і трымае ў прыполе сноп жыта, ды такога буйнога, якога той чалавек яшчэ ніколі не бачыў. Падышоў ён бліжэй — аж маладзіца плача ды сваімі доўгімі валасамі ясныя вочкі ўцірае. Адгарнула маладзіца валасы і адкрыла грудзі. Бачыць чалавек: вуж упіўся ў самую цыцку і ссе маладзіцу. Хацеў чалавек забіць таго вужа, але маладзіца толька прамовіла:

— Вялікі ўраджай, ды не будзе каму спажываць.

I знікла.

Прыйшоў чалавек у сяло і расказвае, які бачыў цуд. Спужаліся людзі. Чакаюць Пошасці ці Паморку.

I вось аднойчы вечарам лавілі дзецюкі рыбу і заначавалі каля ракі на грудку. Сядзяць яны каля агню ды пякуць рыбу. Ноч ціхая, толькі чуваць, як рыба плюхаецца ў рацэ.

Узышоў месяц. Бачаць яны — аж за ракою падышлi да берага нейкія дзве вельмі страшныя бабы. Косы ў іх расплеценыя, твары цёмныя як зямля, толькі вочы блішчаць. Падышлі яны да ракі і просяць дзецюкоў, каб перавезлі іх на другі бераг.

Здагадаліся дзецюкі, што гэта не бабы, а Пошасць на людзей і Паморак на жывёлу. Спалохаліся дзецюкі і давай кідаць у іх галавешкамі. Хацелі тыя бабы перш па кладцы перайсці цераз раку, але як убачылі агонь, спалохаліся і пайшлі назад.

Праз нейкі час даведаліся людзі, што за ракою пайшла Пошасць ламаць людзей, а Паморак касіць свойскую жывёлу. Пачалі яны дзень і ноч класці з усіх канцоў сяла агонь, каб не падпусціць погані блізка. Толькі так і ўратавалі сваё сяло.

Многа памерла людзей, многа прапала жывёлы.
Толькі к зіме трохі хваробы атаймаваліся. От з тае
пары і давай людзі класці агонь ды рабіць куродым,
як пачуюць, што Пошасць падыходзіць.