Интересные ссылки

Пошасць

Пошасць

Чым толькі Пошасць ні скідаецца — то худою страшэннаю жанчынаю, то якой-небудзь жывёлінай, якая ходзіць па зямлі. Толькі ёй нельга скідацца птахам, бо тады б яна ўвесь свет загубіла, пералятаючы па паветры з вёскі да вёскі. Таму ходзіць Пошасць пешкі ды стараецца, каб якім-небудзь ашуканствам уехаць у вёску. А тут людзі то абаруць вёску ці акрэсляць яе смаляным з двух канцоў ожагам, а то па канцах вуліцы дзень і ноч кладуць агонь. Ды яшчэ не просты агонь, а жывы.

Ніяк не можа паганая Пошасць пераскочьщь і цераз баразну ці цераз абчэрчаную мяжу. Сунецца яна пралезці па вуліцы, ды куды там — святы агонь пячэ, бы ў горне.

Пошасць, як уваб'ецца, дык датуль не пакіне, пакуль усіх не перабярэ ды не ўложыць шмат людзей або жывёлы. Кожная Пошасць мае сваю любімую постаць, у якую яна скідаецца, калі ёй трэба падмануць людзей ды прабрацца на вёску.

Ва ўсёй акрузе была вельмі вялікая Пошасць; людзі мерлі як мухі, толькі пакуль што трымалася адна веска. Знаходзілася яна далека ад Бога і ад людзей, схавалася за брадамі ды за балотамі. Па ўсёй акрузе смерць косіць старых і малых, быццам атаву з расою, а на гэтую вёску і забылася.

Толькі вось ужо пад самую восень пачаў адзін чалавек на палянцы сеяць жыта. Пасеяў колькі Бог даў, пабаранаваў, палажыў барану на воз ды збіраўся ўжо ехаць дахаты. А тут выходзіць з лесу якаясь худая ды страшэнная жанчына і просіцца, каб ён падвёз яе на вёску.

Перш чалавек не згаджаўся, кажучы, што на драбінах адна барана і няма на чым сядзець. А жанчына кажа, што нічога не трэба, што яна паедзе і на баране, абы толькі трохі ногі адпачылі.

Наламаў чалавек галля, наклаў на воз, падсадзіў тую жанчыну ды патарахцеў дахаты. Пад'ехаў ён да сваей хаты, а тая жанчына хуценька саскочыла з воза ды кажа:

— Дзякуй табе, чалавек, што ты мяне сюды прывёз.

Сказала так і тут жа знікла. А гэта была Пошасць. Пайшла ж яна касіць людзей, пайшла класці, што не ўпраўляліся хаваць. А хату чалавека, які яе прывёз у вёску, мінула. Вось тады і здагадаўся ён, што сам прывёз тую Пошасць.