Интересные ссылки

Паморак

Паморак

Як толькі пойдзе чутка, што дзе-небудзь блізка аб'яўляўся Паморак, то людзі хутчэй зганяюць статак куды-небудзь далей ад вёскі ў лес ці на астраўкі за балота. Там у кашарах трымаюць яго да самае зімы, а часамі і зімой.

Каб пазбавіцца ад Паморку, практыкавалі і такі спосаб. Як бывае Пошасць на людзей ці Паморак на жывёлу, то дастаюць агонь, тручы два брускі моцнага сухога дрэва. Паляць той святы агонь ва ўсім сяле ці вёсцы, а па канцах вуліцы дзень і ноч паляць вогнішчы, каб замкнуць хваробе дарогу ў вёску.

Рабілі і так. Маладыя дзяўчаты запрагаліся ў саху, а старыя бабы бралі ў рукі патэльні, косы і іншыя брынклівыя прадметы і, распрануўшыся дагала, з гучным крыкам, віскам, шумам, трэскам абворвалі баразну вакол вёскі, праз якую мор не можа перайсці. Усім загадзя паведамляецца пра гэта. Мужчыны не павінны ўдзельнічаць у гэтым дзеянні, а калі нехта з іх трапляўся на дарозе, яго збівалі да паўсмерці.

Але ж бывае, што і людзі памыляцца ды самі ўвязуць у вёску Паморак, Вось як тое бывае.

Ехаў вясковец дахаты. Пад'язджае ён ужо да вёскі, як сустракае яго нейкі ўбога. Зірнуў чалавек і хацеў яго мінуць, але той пачаў прасіцца, каб яго падвёз. Падвезці дык падвезці, на тым свет стаіць. Паправіў чалавек на драбінках салому ды і павёз таго ўбогага. А быў то не ўбогі, а патаны Паморак на жывёлу. Чалавек загаворвае з убогім, а той бы пень сядзіць ды толькі сапе, як кавальскі мех, і маўчыць.

Пад'ехалі яны да самай вёскі і едуць паўз агонь. Скрывіўся Паморак, косіцца на агонь, бы наравістая кабыла, але сядзіць. Прыехалі яны ў вёску, а тут ужо і сцямнела. Павярнуў чалавек да сваей сядзібы, як азірнецца, аж той убогі знік, бы ў зямлю праваліўся. Здагадаўся ён, якое ліха прывёз, але няма чаго рабіць — ашукаўся. Назаўтра як пойдзе Паморак касіць жывёлу, ды так і кладзе ўпокат. Глянуць людзі ў загарадку ці ў хлеў, а там скаціна ляжыць покатам.

Кругом жывёла прападае, а ў таго чалавека, што прывёз Паморак, хоць бы што. Здагадаліся людзі, што нешта тут не так, ды і пытаюць, чаму гэта Паморак абыходзіць яго хату. Круціўся той, круціўся, але як яго прыперлі, мусіў прызнацца, што гэта ён завёз у вёску Паморак, але, кажа, я не ведаў, што то Паморак, а думаў, што так сабе ўбогі. Вось, мабыць, за тое ён і абыходзіць яго хату. Хацелі людзі перш знішчыць таго чалавека, але потым даравалі, бо бачаць, што ён і сам не ведаў, каго падвёз.