Интересные ссылки

Сяляне і Паморак

Сяляне і Паморак

Настала лета. Бог крыў ад граду палі, і яны далі вялікі ўраджай. Пайшла чутка, што хоць Бог даў вялікі ўраджай, але будзе Паморак і некаму будзе спажываць. Спалохаліся людзі ўраджаю горай, чым самой бяды. Ходзяць яны засмучоныя, бы ў воду апушчаныя.

Толькі вось па восені пачаў Паморак касіць перш хатнюю жывёлу, а потым і людзей. Было там адно сяло, куды яшчэ не дабраўся Паморак. Жывуць там людзі пад страхам і кожную часіну чакаюць бяды. Але ж каб хвароба не забралася ў іх сяло, пачалі берагчыся.

Дзецюкі ўзялі два брускі ясеню, і пачалі іх церці. Церлі яны, церлі датуль, пакуль брускі не загарэліся. Разнеслі людзі той агонь па хатах, і ніколі ён не пераводзіўся. А на тым месцы, дзе здабылі агонь, і на канцах вуліцы пачалі дзень і ноч паліць кастры, каб Паморак не мог увайсці ў сяло. Жывёлу ж яны загналi далека ад сяла ў цёмныя лясы, на астраўкі за балота, парабілі там кашары і пасвілі статак да самае зімы.

Раніцой і вечарам кожнага дня гаспадары абкурвалі жывёлу тхарынаю: паложаць на вуголле кавалкі сушанае тхарыны і падкурваюць скаціну. Кругом разыходзіцца такі смурод, што аж нос зрывае. Тут ніякая хвароба, ніякая пошасць не вытрымае.

Але паехаў з таго сяла адзін чалавек на грудок па сена. Разварушыў ён стажок і давай класці на воз сена. Аж вось высунуўся з хмызняку якісь страшны дзед з доўгаю, касматаю барадою, з адным вокам ды і падыходзіць да воза, апіраючыся на кіёчак. Зірнуў той чалавек — і спалохаўся. Яшчэ ніколі ён не баЧыў такога страшнага дзеда і падумаў, што, мабыць, гэта Паморак. Тым часам палыпаў дзед адным вокам ды і просіць падвезці яго да сяла. Падумаў чалавек ды і кажа:

—   Давезці я давязу, толькі, можа, нашы людзі не пусцяць цябе ў сяло, бо, бачыш, яны вартуюць, каб у сяло з кім і Паморак не прайшоў.

—   Э, мой лябедзіку, — кажа дзед, — я ўбогі, але нясу людзям шчасце, якога яны не маюць, покуль жывуць.

—  Якое ж ты нясеш шчасце?

—  Такое шчасце, такое шчасце, якое будуць мець і самыя багатыя, і самыя здаровыя, і самыя слаўныя людзі, і апошні ўбогі.

Як прамовіў ён астатняе слова, дык чалавек і здагадаўся, што дзед нясе смерць. Бо, ведама, яна ўсіх бярэ, яна ўсім дае роўнае шчасце. Але змоўчаў чалавек і кажа:

—  Ну, дзеду, лезь на воз, а я прыкідаю цябе сенам, хіба такім спосабам увязу ў сяло.

Узлез дзед на воз, а чалавек закрыў яго сенам, прыціснуў рублём і павёз у свае сяло. Пад'язджае чалавек да выгану, дзе стаяла варта, гарэла вогнішча, шапнуў дзецюкам, што вязе Паморак. Дык тыя і пытаюць:

—   Мужык, што ты вязеш?

—   Дровы.

—   Якія дровы? Гэта ж сена.

—   Нашто ж пытаеш, калі знаеш.

—   А ў сене што?

— Што? Мо шышкі ды шыпулькі.

—  Гэ, ты яшчэ ўздумаў з нас кпіць! Хлопцы, бярыцеся за воз.

Падхапіліся хлопцы, ды скінулі сена на касцёр. Выбухнуў агонь, ледзь не роўна з лесам. А тут хлопцы яшчэ пруццем пашавельваюць сухое сена, ды падкідваюць на агонь дроў. Круціўся, круціўся Паморак, ды людзі спалілі яго так, што і костачак не засталося. Але, ведама, нечысць і ў агні не гарыць: перш згарэла, а потым ажыла. Але з таго часу перасталі людзі паміраць і дохнуць жывёла. Мабыць, добра-такі спалохаўся Паморак, як далі яму такую лазню, спалохаўся і ўцёк за сіняе мора, за высокія горы ў далёкі край ды там і застаўся. Часам ён наведваецца ў тую вёску, парэжа трохі скаціну, накосіць людзей і хуценька ўцякае, каб яго зноў не злавілі ды не падсмалілі.