Интересные ссылки

Раслiны

Раслiны

Дзе толькі зямля ды вада, ды яшчэ трохі цяпла, там і расліны. Добрую расліну Белбог даў на патрэбу людзям, а ўсялякае паганае зелле Чарнабог уплюнуў. Добрую расліну чалавек сее або садзіць, апрацоўвае зямлю, возіць гной, палівае ды даглядае, і то яна не заўжды родзіць. А ліхая расце сама па сабе, ды так, што яе часам няможна і выгубіць. Відаць, што гэта ліхі так удзеяў.

У абрадах у гонар Багоў выкарыстоўваюцца добрыя расліны. Гэта вярба, бяроза, клён, ліпа, дуб. Імі ж упрыгожваюць дамы. Iх спальваюць на купальскім вогнішчы ці падсцілаюць пад хлебныя сцірты, стагі дзеля захавання ад мышэй, крадзяжу, патравы. Да добрых раслін адносіцца таксама аер — на ім пякуць хлеб. На сядзібе вельмі добра садзіць бярозу або клён — яны прыносяць людзям шчасце. Дуб — самые галоўнае дрэва, бо ён жыве даўжэй за ўсіх.

Усе расліны размаўляюць між сабой, і ёсць такія людзі, што разумеюць іх гаворку і таму могуць даведацца, якая таіцца ў іх сіла — гаючая ці атрутная — і пры якіх хваробах якая расліна дапамагае. У даўнія часы шмат было такіх людзей, а цяпер вельмі мала, але ўсё-такі яны ёсць.

У Купальскую ноч расліны не толькі размаўляюць між сабою, але і ходзяць адна да адной у госці, нават пускаюцца ў скокі, толькі звычайным вачам гэтага не бачна.

Калі без прычыны засохла маладое дрэва, яго нельга браць на патрэбу, бо яно засохла ад Трасцы, а тая перайшла на яго з чалавека ад чарадзейства. Адзін дотык да такога дрэва можа вярнуць хваробу на чалавека. Гэтага можна не баяцца толькі тады, калі з засохлага дрэва пачне ападаць кара і сукі.

На асіне заўсёды сядзяць Трасцы, ад таго гэтае дрэва заўжды дрыжыць, бо яго Трасца трасе. Калі беларусу блага на свеце, ён пагражае: «Уцяку ды асінкаю заламаю дарогу». Гэта значыць, што ўжо ніколі ў гэтае месца не вернецца. Заломванне асінкаю дарогі лічыцца страшнаю рэччу. Беларускі-паляшучкі праклінаюць асінаю: «Штоб ты павесіўся на сухой асіне; няхай цябе Трасца трасе, як асінавы ліст».