Интересные ссылки

Адкуль пайшлі дрэвы

Адкуль пайшлі дрэвы

Аднаго разу пайшлі бацька з маці і з дачкою ў поле на работу. Бацькі працуюць, а дачка ленавалася, усё пастойвала. Дык маці пачала яе клясці і кажа: «Каб ты стала асінаю! Чаго ты стаіш?» А то была такая гадзіна, калі праклён спраўджваецца. Дачка спалохалася і стала асінаю, а на ёй лісткі трэсліся, як трэслася са страху цела, калі маці яе кляла.

Ад такога няшчасця маці сумелася і стаіць, рукі заламаўшы, ды плача. А бацька раззлаваўся ды з гора кажа: «Ах, каб ты сама стала бярозаю! Што ты найлепшага зрабіла?» I маці ў той жа момант стала бярозаю, апусціўшы галлё так, як былі ў яе рукі апушчаны і заломлены. 3 таго развяліся на нашай зямлі бярозы і асіны.

Нахіленыя над вадой вербы — гэта праклятыя Богам тыя мацеры, што страцілі сваіх дзяцей.

На Купалле адначасова з Папараццю ў поўнач цвіце арэхавае дрэва. Калі арэхавую кветку адарваць і ісці туды, куды яна будзе нахіляцца, то можна знайсці скарб.

Божае дрэўка, таксама як і Папараць, цвіце раз на год, у Купальскую ноч. Хто гэтую кветку здабудзе, усё будзе мець, чаго толькі яго душа пажадае. Аднак гэтую кветку пільнуюць Нядобрыя Духі, і трэба быць надзвычай смелым, каб дачакацца паўночы і сарваць кветку шчасця.