Интересные ссылки

Папараць-кветка

Папараць-кветка

Папараць цвіце адзін раз на год толькі ў ноч на Купалу. Цвіце яна ў поўнач і ўсяго адно імгненне. Як Папараць пачынае зацвітаць, то ляціць зорка і вельмі ярка свеціць.

Кветкі гараць, як іскры, чырвоным колерам. Трэба пільнаваць таго моманту, калі яна зацвіце, злавіць тую кветку, і тады будзеш разумець, што гаворыць жывёла. Папараць-кветка робіць яе ўладальніка нябачным. Кветка адмыкае і зноў замыкае замкі, такім чынам, уладальнік кветкі можа браць што хоча і адкуль хоча.

Завалодаць кветкай Папараці вельмі цяжка, бо Нядобрыя Духі чыняць розныя перашкоды: адводзяць вочы, а найбольш палохаюць рознымі жахамі. А навакол і вужы, і гадзюкі, і чарапахі. За гэтую справу трэба брацца ўмеючы, і нават не кожнаму чараўніку яна пад сілу. Трэба пайсці ў лес, туды, дзе цвіце Папараць. Сесці на зямлю, каля сябе абвесці круг і чакаць, калі зацвіце Папараць. Не трэба баяцца нічога, якія б лякі ні былі. Прыйдзе жаба з возам саломы. Будзе тую салому паліць, ды на цябе кідаць. Не палохайся, бо салома таго круга не пераляціць, сядзі сабе спакойна і чакай, калі Папараць зацвіце. Але ж найчасцей тыя, хто пайшоў у лес па гэтую цудоўную кветку, паміраюць ад жаху.

Асобным беларусам шчасціла выпадкова знайсці Папараць-кветку.

Жыў бедны селянін, і быў у яго сын, які пасвіў у багатых кароў. Адзін раз перад Купалам пасвіў ён каровы ў лесе. Лёг хлапец адпачыць пад кустом і заснуў. Калі прачнуўся, то ўсе каровы разбрыліся па лесе. Спалохаўся хлопец. Пайшоў ён па лесе шукаць кароў. Наступіла ноч. Ходзіць ён па лесе і нічога не помніць, дзе ён, як і што. Але роўна ў дванаццаць гадзін ночы ён убачыў, што нешта ўдалечыні блішчыць. Ён пайшоў на гэты бляск і ўбачыў кветачкі, — гэта цвіла Папараць. Калі ён дакрануўся рукой да Папараці, то ўсе кветкі паападалі, а некалькі кветак аказалася ў лапцях. I ў гэты час ён стаў адчуваць сябе свабодна, яму стала ўсё зразумела, ногі перасталі балець. Праз некаторы час пастух знайшоў сваіх кароў і пагнаў іх дамоў. Прыйшоўшы дамоў, ён разуўся, і ўсе кветкі з лапцей павыкідаліся. Пасля гэтага ён зноў пра ўсё забыўся.

Пайшоў адзін гаспадар на Купалу ў лес шукаць карову, а за ім пабеглі яго два сабакі. Ішоў гаспадар лесам, учапілася яму ў лапаць Папараць-кветка — і вось ужо чуе ён, як сабакі гавораць між сабою. Адзін кажа:

—  Ляці дахаты, там злодзей хоча ў хату залезці, а я астануся карову шукаць.

Згаварыліся і разляцеліся ў розныя бакі. Чуе гаспадар, пра што птушкі і букашкі гавораць, знайшоў ён карову, а каля дому зноў тыя сабакі падбягаюць да яго і гавораць між сабою:

—   Ну, як, прагнаў таго злодзея?

—   Прагнаў.

—   А ці пакарміла цябе гаспадыня?

—   Дала таго бліна, што дзіця абцерла.

Тут гаспадар стаў тупаць ды чысціць свае лапці, кветка вылецела з лапця, і гаворка сабачая перайшла ў брэх. Больш ён ад іх нічога не пачуў, толькі адно зразумеў: сабак трэба карміць, трэба аддзячыць ім.