Интересные ссылки

Мядзведзі. Заяц. Змеі

Мядзведзі

Мядзведзь быў чалавекам, як яшчэ Бог хадзіў па зямлі. Надумаў адзін чалавек з жонкай спужаць Бога; яны прыбяднелі і злавалі на Бога.

—   А што ён ходзіць, нас нічым не надзяляе,— спужаем жа мы яго.

I сталі думаць, як яго спужаць. Рашылі: падлезем пад мост і замычым, і Бог спудзіцца нас. Як задумалі, так і зрабілі. А Бог сказаў:

—   Калі ж вы так замычалі, то будзеце ўвесь век мычаць.

I абярнуў іх мядзведзямі. 3 таго і мядзведзі пайшлі.

Выкупляючы сваю правіну перад Богам, мядзведзь заходзіць у вёскі: ён ведае, у якога гаспадара павінна здарыцца няшчасце, і забірае тыя няшчасці з сабою.

Заяц

Калі заяц перабяжыць дарогу, то гэта ліхі знак. Лепш вяртайся назад: не будзе поспеху, а то здарыцца на дарозе няшчасце.

Калі заяц забягаў у вёску, то праз нейкі час там адбываўся пажар. Калі ж заяц заскокваў у хату, якая будавалася, то будаўніцтва спынялі і бярвенне выкарыстоўвалі толькі на дровы.

У аднаго селяніна конь стаў наравісты і злы. Вывеў гаспадар каня ноччу ў поле, зламаў асінавы дубец і пачаў біць яго дубцом. Праз некаторы час конь пакрыўся пенай, потым з яго зваліўся корч, ператварыўся ў чорнага зайца, які хутка знік у лесе.

 

Змеі

Калі чалавек спаткае гадзіну ды не заб'е яе, на таго сонейка будзе сярдзіта. Гэта яму прынясе ўпадак. Калі забітая змяя засталася незакапанай, то сонца пачынае хавацца за хмары і наогул цьмяна свяціць, паколькі яно не можа бачыць труп свайго зямнога ворага. Калі з якой бы ні было прычыны не удалося закапаць забітую змяю, трэба павесіць яе ў цень, куды не заглядвае сонца, — на сухое дрэва, бо жывое дрэва ад гэтага ссохне.

Калі хочаш, каб пайшоў дождж, забі змяю і павесь на бярозе.