Интересные ссылки

Гаспадар-змей.

Гаспадар-змей

Напачатку восені Гаспадар-змей вядзе сваіх падданых у змяіны Вырай. Ідуць змеі ў Вырай не асобна адна ад адной, а ўсе разам. Сам Гаспадар-змей ідзе наперадзе, а за ім у незлічонай колькасці яго падданыя. Ён большы за ўсіх іх, луска ў яго адлівае срэбрам і золатам, а на галаве — маленькія залатыя рожкі.

Цяжка сустрэць змеяў у час такога іх пераходу, бо яны выбіраюць непраходныя для чалавека мясціны. А калі ўдасца сустрэць змяіны Вырай, трэба разаслаць перад змяіным Гаспадаром абрус, пакласці туды хлеб-соль і пакланіцца яму да зямлі, то ён, прапаўзаючы па абрусе, на знак падзякі скіне з галавы залатыя рожкі. Хто мае такія рожкі, той надзелены надзвычайнай мудрасцю і праніклівасцю: можа ўгадваць чужыя думкі, знаходзіць выйсце з самага цяжкага становішча. На ўладальніка змяіных рожкаў не дзейнічае ніякі яд. Калі ўзяць гэтыя рожкі у забітай ці іншым шляхам злоўленай змяі, то яны не будуць мець ніякай сілы.

Акрамя таго, рожкі здольныя тварыць: адзін — добро, а другі — блага. Каб вызначыць, які ражок добры, а які благі, трэба закапаць іх пад два аднолькавыя дрэвы. Праз ноч адно дрэва стане прыгажэйшым, а другое засохне. Калі падкласці пад вугал дома добры ражок, то ў доме пачнецца няспынная чарада удач, ад благога ражка — наадварот. Рожкі ў руках у чалавека, які здабыў іх, захоўваюць сваю сілу на ўсё далейшае жыццё і трацяць гэтую сілу пасля смерці ўладальніка. Пры гэтым трэба заўважыць, што рожкі захоўваюць і выяўляюць сваю сілу толькі ў руках таго чалавека, які сам непасрэдна іх здабыў.