Интересные ссылки

Гаспадар-змей і дзяўчына

Гаспадар-змей і дзяўчына

Гаспадар-змей можа перакінуцца ў што захоча, нават стаць чалавекам, і ніхто яго не пазнае.

Адзін раз закахаўся Гаспадар-змей у вясковую дзяўчыну. У выглядзе дзецюка пачаў ён хадзіць да яе. Летам гэта якраз было. Сена пакасілі, трэба яго сушыць, грэбці, а тут гэты дзяцюк прыйдзе, сядзе, таворыць, дык дзяўчына не можа пайсці на работу. Бацька злуе, хацеў дзяўчыну паклікаць на работу, але толькі глянуў у хату ды назад.

Дзяцюк-змей і пытае:

—   Чаго твой бацька злуецца?

—   А гэта ж сена абкасілі многа, а сабраць яго цяжка, хоць Гаспадара змей прасі, — адказвае дзяўчына.

Сядзяць яны і далей размаўляюць.

Назаўтра бачаць гаспадары: усё чыста сена згрэбена, складзена ў копы, усюды парадак. А хто зрабіў — невядома. Тут дзяўчына пачала здагадвацца, што хлопец, які да яе ходзіць, відаць, няпросты. Стала яна яго баяцца і захацела з ім разысціся. Параілася яна са сваімі бацькамі, тыя — з Людзьмі. Аказалася, што Гаспадар-змей надта баіцца грому. А любіць, каб яму ў галаве шукалі, тады ён моцна спіць. Нараілі дзяўчыне пайсці з гэтым хлопцам да возера, пагладзіць, пашукаць яму ў галаве, а як ён засне і пачнецца грымота, разбудзіць яго раптоўна. Так яна і зрабіла.

Селі яны на беразе возера. Залашчыла дзяўчына хлопца-змея, моцна ён заснуў. Але вось паявілася хмарка, загрымеў гром. Дзяўчына разбудзіла раптоўна змея. Ён спужаўся грому, кінуўся ў возера, але рукой па шчацэ дзеўцы пляснуў. У вадзе ён стаў змеем і ўжо ў чалавека не мог ператварыцца.

Кожны дзень у добрае надвор'е змей вылазіў з вады на тое месца, дзе сядзеў з дзяўчынай. Баяліся яго ўсе. Скінуць яго назад у ваду, а ён зноў вылезе. Закапаюць у зямлю, а назаўтра змей зноў на сваім месцы. Нарэшце знайшлі раду: яму выкапалі глыбокую, палажылі дванаццаць птушыных чарапоў, закапалi змея, і ён болей не вылазіў.

А ў дзяўчыны на шчацэ на ўсё жыццё застаўся след, як ёй змей ударыў па твары.