Интересные ссылки

Вужалкі. Гаспадар гадзюк

Вужалкі

Вужалкі — дочкі Гаспадара вужоў. Да паловы яны прыгожыя маладыя дзяўчаты, з доўгімі распушчанымі валасамі, а замест ног у іх як бы змяіны хвост.

Вужалкі звычайна жывуць у лесе, паблізу вадаёмаў, хоць і неабавязкова. Яны вельмі любяць сядзець на старых раскідзістых дрэвах і часаць залатымі грабеньчыкамі свае цудоўныя валасы.

Вужалкі не маюць ніякага адзення, нягледзячы на тое, што іхні бацька — Гаспадар вужоў — вельмі багаты. Пад яго аховай знаходзіцца шмат скарбаў, таму дочкі яго не маюць ні ў чым адмовы. I якіх толькі дарагіх упрыгожанняў няма на Вужалках! Калі хто ўбачыць іх у сонечны дзень, можа падацца, што само сонца скацілася ў лес, — так зіхацяць на Вужалках розныя каралі і бранзалеты. Часам каторая з іх можа згубіць што-небудзь з упрыгожанняў. Лічыцца добрым знакам знайсці такую рэч, звычайна яна прыносіць шчасце і чалавек гэты не баіцца змяінага ўкусу.

Самі Вужалкі не робяць чалавеку ніякай шкоды, але вакол таго месца, дзе яны сядзяць, кішма кішаць розныя гады. Такім чынам Гаспадар вужоў ахоўвае сваіх дачок. А калі ўсё ж хтосьці пакрыўдзіць Вужалку, на чалавека таго абрынуцца ўсялякія няшчасці, што загубяць яго самога і ўвесь ягоны род.

Гаспадар гадзюк

Гадзюкі таксама маюць свайго Гаспадара. Яго можна пазнаць па залатых рожках, што ў яго на галаве. От калі збіць тыя залатыя рожкі ды насіць іх пры сабе, то можна ісці куды хочаш, бо не ўтрымаюць

цябе ніякія замкі і запоры. Спрытныя злодзеі маюць такія рожкі, таму іх ніхто не можа злавіць.

Вось як дастаюць рожкі Гаспадара гадзюк. Восенню гадзюкі збіраюцца ў адно месца, каб паўзці на зіму ў падземны Вырай. Паперадзе ключа паўзе Гаспадар. Трэба ў той час на золку пайсці ў лес, дзе каля палянкі ёсць шмат лому, ды і цікаваць. Як толькі ўзыдзе сонейка ды добра прыгрэе, усялякія гадзюкі пачнуць вылазіць з лому ды з нор і паўзці на сонейка грэцца. Перш гадзюкі поўзаюць туды-сюды ўмітуські. А потым, як пакажацца сам Гаспадар, дык яны пачнуць яго абвіваць, як пчолы сваю матку. От тады трэба па тым клубку ўдарыць папліскаю — толькі адзін раз, не больш. Тады Гаспадар гадзюк і скіне свае рожкі. Бяры хутчэй іх і ўцякай не аглядаючыся, а то гады загрызуць.