Интересные ссылки

Гаспадар птушак

Гаспадар птушак

У птушак быў свой гаспадар — Кук. Лятаў ён па лесе, разганяў ваўкоў і лісіц, змей — усіх, хто нападаў на птушынае царства. Аднойчы Кук не вярнуўся ў сваё гняздо. Зажурыліся ўсе лясныя птушкі: — Хто ж нас цяпер абароніць?

Сталі раіцца. Што рабіць? Трэба ісці шукаць свайго заступніка. А хто пойдзе? У кожнага справа: той гняздо ўе, той яечкі наседжвае, той дзяцей гадуе; адзін — стары, другі — малы. Рашылі яны адправіць зязюлю — у яе гнязда няма і дзяцей няма. Спалохалася зязюля, што трэба ісці ў вялікую дарогу, і знесла яечка.

—  Куды ж я яго дзену? — гаворыць зязюля.

—  Пакладзі сваё яечка ў любое гняздо! — адказалі ёй птушкі.

—   А хто яго будзе выседжваць?

—   Каму пакладзеш, той і глядзець будзе.

—   А хто ж мае птушанятка гадаваць будзе?

—   Хто будзе сваіх гадаваць, той і тваё дагледзіць.

I паляцела зязюля шукаць Кука. Праляціць трохі, сядзе на галінку і кліча:

—  Ку-ку!

Праляціць і зноў кліча.