Интересные ссылки
г. Балашиха продается склад 3м2 - 14 668 800р

Бусел

Бусел

 

Было гэта вельмі даўно. На зямлі развялося такое мноства гадаў, што не стала ад іх жыцця ні людзям, ні жывёле. I вырашыў адзін чараўнік знішчыць гадаў, патапіць у якой-небудзь бяздонніцы. Сабраў ён іх у вялізны скураны мех, завязаў, узваліў на плечы аднаму чалавеку і загадаў укінуць у прадонне. Як толькі чалавек рушыў з месца, то ўсе гады, якія былі ў мяшку, заварушыліся, засіпелі, засвісталі. I ўзяла чалавека цікаўнасць: што ён такое нясе?

Чалавек развязаў торбу ды і аслупянеў ад жаху. Гады ж тым часам вылезлі і распаўзліся зноў па зямлі.

Раззлаваны чараўнік не захацеў другі раз збіраць гэтую дрэнь і, накінуўшы на чалавека парожні мяшок, ператварыў яго ў бусла і загадаў збіраць гадаў-уцекачоў усё жыццё аж да самай смерці.

I ходзіць гэты ператвораны ў бусла чалавек з накінутым на плечы мяшком па лугах, палях, балотах ды збірае гадаў, але да гэтай пары ніяк сабраць не можа. Нават нягледзячы на тое, што чараўнік для дапамогі паслаў яму жонку і дзяцей. 3 прычыны сваей крэўнасці да чалавека гэты пярэварацень не адыходзіць далека ад людскіх сяліб і мала баіцца людзей.

Тую хату і нават сядзібу, дзе бусел уладкуе свае гняздо, можна лічыць шчаслівай, а Пярун ніколі не ўдарыць нават паблізу гнязда.

Беларусы шануюць бусла як карыснае стварэнне, якое нішчыць жаб, змей і вужоў. Але і баяцца іх. Калі чалавек разбурыць буслянку, яны адпомсцяць. Пралятаючы паблізу вясковых сядзібаў, яны могуць распаліць пажар, кінуўшы на дах стадолы ці хаты запаленую галавешку, або нават уторкнуць яе пад страху.