Интересные ссылки

Вешчыя птушкі. Гаспадар лесу

Вешчыя птушкі

Сярод птушак ёсць і вешчыя. Гэта паведачы Багоў Па перакананні беларусаў, вешчымі ўласцівасцямі вызначаюцца сарока, крумкач, зязюля і сава. Усе гэтыя птушкі ведаюць пра чалавечы лёс і прадказваюць яго, толькі трэба разумець іх мову. Чараўнікі і варажбіты разумеюць іх, таму і прадказваюць будучыню. Некаторым чараўнікам гэтыя птушкі служаць і прыносяць розныя весткі. Але і простыя людзі штосьці могуць угадаць з дапамогаю гэтых вешчых птушак.

Сарока прыносіць і добрыя, і благія весткі. Крумкач, кракаючы над домам, прадказвае смерць аднаго з жыхароў гэтага дома. Калі крук закрумкае над хлявамі, то будзе ўпадак на хатнюю жывёлу. Як крук крумкае, то ён дзесь кроў чуе.

Па кукаванні зязюлі варожаць, ці доўгае будзе жыццё, пра замужжа, багацце. Калі зязюля закукуе, узляцеўшы на дом, — у тым доме хто-небудзь памрэ. Калі зязюля закукуе на дрэве, на гаспадарчай будыніне і асабліва на хаце пасля захаду сонца,— неўзабаве трэба чакаць нябожчыка.

Крык савы над домам — таксама знак. Калі савіны крык нагадвае дзіцячы плач гэта прадказвае жанчыне мацярынства. Калі над хатаю лятае ды крычыць сава, то кажуць, што там маладзіца ці дзеўка зацяжарыла. Калі сава крычыць іначай — чакай хваробу і смерць.

Гаспадар лесу

Валадарамі асобных частак лесу з'яўляюцца Лесуны, якімі кіруе Гаспадар лесу. Гаспадар лесу росту велізарнага, на цэлую галаву вышэй за лес, у якім ён валадарыць. На руках і нагах у яго закручаныя кіпцюры, падобна як у сабакі. Барада ў яго доўгая, сівая, носіць ён яе ў руках. Ён магутны і страшны. Волю яго слепа выконваюць Лесуны — гаспадары асобных участкаў лесу.

Гаспадару лесу кладуць на Ярылаў дзень прынашэнні, каб ён скаціну зберагаў ад ваўкоў. Падарунак— хлеб, соль і што-небуДзь з харчоў— кладуць на скрыжаваннях дарог у лесе і замаўляюць: «Гаспадар лесу, міласцівы, выратуй маіх коней у полі і за палямі, у лесе і за лясамі, дзе яны ходзяць, гуляюць, расу выпіваюць, тым сыты бываюць. Вось табе соль-хлеб і нізкі паклон».

Некаторыя бачылі ляснога Гаспадара, як сядзіць ён у лесе і моцна свішча. Іншы раз пры месячным святле ён пляце лапці. I Гаспадар лесу, і яго памагатыя Лесуны, аднак, не маюць улады за межамі свайго лесу.

I Гаспадар лесу, і Лесуны падначалены Ярылу — апекуну звяроў і птушак. Яны выконваюць у яго абавязкі пастухоў. Таму нярэдка іх сустракаюць з пугаю ў руках. Тады яны і крычаць, як звычайныя пастухі.