Интересные ссылки

Лясун I мужыкі. Лесавіха

Лясун I мужыкі

Хадзілі неяк у лес ноччу мужчыны секчы смалу пры маладзіку. Толькі пачалі работу, як нешта свісне над імі, аж вушы заклала. Спужаліся яны, сталі ўцякаць. Як свісне зноў, яны бягом, а лес над імі быццам валiцца. Бягуць яны, а Лясун зноўку над імі пугаю ляскае.

3 лесу выбеглі мужыкі, а Лясун і тут над імі пугаю ляскае. I нікога не бачна. Ледзь збеглі мужыкі.

Так Лясун пугаю ганяе і птушак, і звяроў: ваўкоў, мядзведзяў, лісіц. Над усімі ён Гаспадар, усе ў лесе яму падуладныя.

Лесавіха

Пайшла жанчына-ўдава ў лес па ягады і чуе — дзеці маленькія плачуць. Бачыць, пад вялікай бярозай сядзяць двое голенькіх дзетах. Жанчына намітку з галавы далоў, разадрала яе на дзве часткі ды загарнула і адно, і другое. Сама пайшла дамоў.

Не паспела яна да двара прыйсці, наганяе яе Лесавіха:

— Ах ты, мая жанчыначка, пратапі ты мне лазню.

—  Галубка мая, я б рада пратапіць, ды ўдовінае мае жыццё: няма мне чым тапіць.

—  Ды не, жанчынка, мне тваіх дроў не трэба: ідзі трэсак назбірай, аганьку вазьмі ды запалі. Толькі дзяцей не хадзі будзіць.

Трэскі прагарэлі, а Лесавіха сядзіць чакае. Гаспадыня венік намачыла, вадзіцы паставіла, духу цэлая баня. Вымыліся жанчыны. Гаспадыня Лесавіху папарыла.

— Дзякуй табе, мая жанчынка. Я табе за ўсё аддзячу і за сваіх дзетак, што яны голенькія не сядзяць.

На табе ручнік. На што патрэба табе будзе, на ўсё рэж, будзе і табе, і тваім дзецям на век. Калі хто папросіць, можна даць. Толькі не раскатвай, рэж ды рэж...

Трубачка была невялікая, а ўсё спор быў. Але ж аднойчы не сцярпела жанчына, раскатала: хочацца ёй паглядзець, што ж Гэта такое.

Як раскатала, так усё і скончылася.