Интересные ссылки

Нельга шумець у лесе. Лясун I жанчына

 

Нельга шумець у лесе

Прыгналі падлеткі пасвіць коней на ноч, а самі расклалі вялікае вогнішча ў лесе, бегалі па ім, лямантавалі, а прытаміўшыся, спаць ляглі.

Пасярод ночы чуюць — зямля трасецца, нехта вялізны ідзе. Пачалі хлопцы галавешкі ў кучу скідваць, галля падкідаць. Вогнішча зноў запалала. Стала відно, як днём. Бачаць, падыходзіць да агню вялізарны дзед і кажа:

—         Хопіць вам сюды хадзіць, спакою не даяце! Тры разы так прагаварыў і пайшоў на луг к коням. Ад яго крокаў зямля затрэслася.

Раніцой, вярнуўшыся дахаты, хлопцы расказалі пра ўсё дзеду.

—  От дурні! Гэта Лесавы прыходзіў. Ён раззлаваўся, што ў лесе вы на сасонкі лазілі, лямант усчынілі. Яму гэта было непрыемна.

 

Лясун I жанчына

У вёсцы Яленцы нашла жанчына ў лесе дваіх дзетак. Пашкадавала, забрала да сябе і ўзгадавала іх. Лясун прыйшоў да яе і пытае:

— Чым цябе ўзнагародзіць за тое, што ты маіх дзяцей узгадавала?

А гады тады былі цяжкія. Дык жанчына ў адказ:

—  Дай ты мне палатна!

Даў ёй Лясун сувой палатна і кажа:

— Бяры, рэж колькі табе трэба, толькі не разварочвай да канца.

Жанчына доўга карысталася гэтым сувоем. Усім рэзала, шыла — дзецям, і гаспадару, і сабе — а ён усё цэлы. Разабрала яе цікаўнасць — адкуль гэта ўсё. Узяла ды і раскатала сувой. Як раскатала, дык ён і закончыўся: хутка зрэзала ўсё.