Интересные ссылки

Лясун I мужык

Лясун I мужык

Пайшоў неяк вечарком, уже змрокам, адзін чалавек шукаць коней. Пахадзіў ён па хмызняку, каля выгану — няма. Што тут рабіць? Пайшоў ён у лес. Хадзіў, хадзіў чалавек, далека зайшоў у лес, а коней няма.

—  Кося, кося, дам аброку! — крычыць ён. А па лесе рэха адзываецца.

Тым часам так сцямнела, што хоць выкалі вока. Рашыў чалавек вярнуцца назад, ды не ведае, куды ісці: заблукаў у лесе. Хацеў паглядзець на зоркі, ды за галлём не бачны. I тут напаў на яго страх. Хацеў ён лезці на дрэва, але ніяк не можа падняцца — ногі дрыжаць, а ў руках сілы няма. Спрабаваў гукаць — горла сціснула. Бяда! Сабраў усю сілу і так гукнуў, што далека і доўга рэха лунала. А як заціхла, чуе — нехта абазваўся, зусім блізка. Давай чалавек зноў гукаць — зноў абзываецца.

Пайшоў чалавек насустрач. Залез у такую нетру, што і выкараскацца не можа.

—  Згінь Мара, прападзі. Можа, — думае, — гэта мяне Ліхі сюды завёў.

А над ім нешта на дрэве жаласна плача аж заліваецца. Зноў узяў таго чалавека жах, не ведае, што рабіць. Пастаяў ён трохі, пастаяў, ачухаўся, паправіў за плячыма торбу, памацаў, ці ёсць за поясам сякерка, ды памаленечку бокам-бокам давай выходзіць адтуль назад.

Толькі выбраўся ён з гушчэчы на прагаліну, чуе, хтось ціхенечка выняў у яго з-за пояса сякерку ды кінуў яе долу. Абярнуўся чалавек, падняў сякерку, а за спіной .Лешы рагоча, бы жарабец.

—  Чаго там рагатаць, — думае чалавек. — От вялікаё дзіва зрабіў, што выцягнуў сякерку з-за пояса.

Тым часам Лешы даведаўся, аб чым падумаў чалавек, забег наперад ды і рассыпаўся па палянцы, бы жар. От так і гарыць уся зямля, толькі няма ні полымя, ні дыму.

Тут чалавек успомніў, што ў яго павінна быць красала. Мацнуў ён, аж красала целяпаецца на матузе каля пояса. Выкрасаў ён агонь ды падпаліў галлё. Потым узяў галавешку, абвёў вакол сябе кола, лёг каля агню ды толькі дровы падкладае. Бачыць Лешы, што чалавек не баіцца яго і спакойна ляжыць у крузе, то давай яго адтуль выманьваць.

От ляжыць чалавек каля агню і бачыць, што недалёка ад яго па зямлі рассыпана золата: блішчыць ад агню, бы жар ззяе. Паглядзеў чалавек ды і кажа сам сабе: «Добра, няхай ляжыць. Калі яно суджана мне, то ніхто не возьме. Мае маім будзе».

А Лешы рагоча, як конь, то бегае па лесе, як апантаны, то стукае аб карэнне ды каладдзё. Альбо залезе ў куст, шамаціць, трэ яго, аж іскры сыплюцца. Але бачыць, што чалавек сядзіць пры агні, а з круга не выходзіць. Лешы яшчэ трохі пасвістаў, пабегаў і адкаснуўся ад чалавека.

Тым часам даў Бог дзень. Устаў чалавек. Бачыць — агонь дагарэў.

— Няўжо то я, — думае, — задрамаў? Быццам не спаў усю ноч і якіх толькі страхаў не нацярпеўся.

Зірнуў ён вакол, аж начаваў каля самай дарогі, што вяла да сяла. Пайшоў чалавек дахаты. Ідзе ён паўз паляначку і бачыць: коні яго пераскочылі праз завалу і пасуцца сабе ў аўсе.

3 тых часоў той чалавек пачаў так баяцца страхаў, што як змеркне, то нізашто адзін не пойдзе ў лес.