Интересные ссылки

Пушчавік. Ягіня

Пушчавік

Пушчавік — Нядобры Дух лесу і робіць людзям толькі зло. Ён падобны да чалавека: калматы, зарослы доўгім мохам па ўсім целе, не выключаючы носа і вачэй. Пушчавік вялізарнага росту, галава яго заўсёды вышэй за самае высокае дрэва, таму ён бачыць навакольныя прадметы на далёкай адлегласці. Ёсць, аднак, Пушчавікі, якім такія дрэвы толькі да пляча.

Пушчавік не можа дараваць людзям, што з-за іх яму давялося сысці ў векавыя дубровы. Пушчавік не шкадуе ні старых, ні дзяцей, ні жанчын, ні знямоглых, ні памочнікаў чалавека — свойскіх жывёл. Калі ахвяра зайшла ў пушчу — яе пагібель непазбежная. Пушчавік здольны забіць ахвяру адным сваім выглядам. Калі дасягнута мэта, ён не рагоча, як Лясун, не здзекуецца з ахвяры, а спакойна ідзе далей, нібы зрабіў звычайную справу, выканаў свой абавязак.

Пушчавікі жывуць на абмежаванай, цеснай тэрыторыі — некрануты лес ці лес незвычайнай вышыні — пушча-дрымушча. На шчасце чалавека, Пушчавікі даволі рэдкія, і сустракаецца нямала пушчаў, дзе гаспадараць адны толькі Лесуны. Пушчавік непаваротлівы, лядашчы, кепска бачыць, што робіцца ў яго пад нагамі. Усё гэта дапамагае чалавеку ўцякаць ад Пушчавіка. Пры непазбежнай сустрэчы з ім трэба рабіць крутыя павароты туды і сюды, ды паспешліва пакідаць тэрыторыю пушчы, далей якой Пушчавік не адважыцца ступіць сваім старэчым крокам.

 

Ягіня

Ягіня — злая чараўніца, Гаспадыня ўсіх ведзьмаў. Яна страшная, чорная, старая, раскудлачаная, замест ног у яе жалезныя таўкачы. Як ідзе яна лесам, то лес ломіць і дарогу сабе цярэбіць тымі таўкачамі.

Ягіня робіць уночы рознае паскудства, лётае па ўсім свеце ў ступе, таўкачом паганяе, а памялом след замятае. Яна гоніць вятры і хмары вогненнаю мятлою. Яна і на Лысую гару ляціць у жалезнай ступе, паганяючы кульбаю ці таўкачом.

Ягіня і падначаленыя ёй Духі харчуюцца душамі людзей, ад чаго і робяцца паветранымі, лёгкімі, як душы.