Интересные ссылки
Смотрите здесь проявка фотопленок orwo.

Дабрахочы. Лойма

Дабрахочы

Дабрахочы — лясны Бог. Рост яго залежыць ад вышыні дрэў, вакол якіх ён ходзіць, таму яго бачаць заўсёды роўным з дрэвам, пры якім ён стаіць. Гэта не Нядобры Дух, як Русалкі, а хутчэй справядлівы суддзя. Ён — апякун людзей прыстойных, але сурова карае непачцівых да яго. Кара яго распаўсюджваецца толькі на саму асобу вінаватага і не датычыцца яго скарбу. Дабрахочы пасылае цяжкія хваробы на вшаватага, які памірае ў пакутах, калі не папросіць паратунку ў шчасліўцаў, што ўмеюць задобрыць гэтага Бога ахвярамі. Уся ахвяра складаецца з акрайца хлеба і шчопаці солі, загорнутых у чысты шматок. Гэты шчаслівы ідзе ў лес з пакутнікам і, памаліўшыся над кавалкам хлеба і шчопаццю солі, пакідае ўсё гэта ў лесе разам з хваробаю, бо хворы вяртаецца ўжо здаровым.

Аднак ёсць у Дабрахочага адна загана. Калі хто-небудзь першым ступіць у яго след, адразу ж заблукае ў лесе і ледзьве вечарам можа вярнуцца дадому.

Калі беларус на некалькі дзён прападзе, то, вярнуўшыся, запэўнівае ўсіх, што Дабрахочы трымаў яго ў лесе, і расказвае ўсялякія дзіўныя гісторыі.

Лойма

Лоймы — лясныя Духі ў жаночым абліччы. Яны пужаюць жанчын, хоць часам і да мужчын прывязваюцца. Праўда, з'яўляюцца яны толькі мужчынам, што ў лясных нетрах вугаль выпальваюць, асабліва маладым, ладным і дужым. Даволі такому стомленаму пры вырубе дрэва і ладкаванні яго ў капец для выпальвання прылегчы дзе-небудзь на мяккім моху, як зараз жа з лясной гушчэчы прыходзіла гэтая незвычайнай красы і павабы дзяўчына. Ахінала юнака вэлюмам сваіх шаўкавістых косаў, абсыпала гарачымі пацалункамі, песціла пругкімі, бы лясныя яблычкі, грудзьмі і, распаліўшы мужчыну да кахання, выслізгвала з абдымкаў і знікала ў чашчобе.

Лоймы могуць выкрадаць у жанчын дзяцей, падкідаць на іх месца сваіх няўклюдаў. Калі ў сям'і адбылася такая падмена, то трэба ўзяць дубцоў, палажыць дзіця Лоймы на захад сонца на парозе і біць, пакуль Лойма не прыйдзе па яго і не верне чалавечага. Кажуць, што Лойма, вяртаючы чалавечае дзіця, крыўдуе: «Я тваё так пелянала, а ты мае б'еш».