Интересные ссылки

Зазоўкі

Зазоўкі

Недалёка ад вёскі Губы на Вілейшчыне ў лесе жыў жаночы Дух — Зазоўка. Яна мела выгляд невыказна прыгожай дзяўчыны з доўгімі русымі валасамі, такімі доўгімі і густымі, што ёй непатрэбна было нават адзенне. Жыла Зазоўка ў лесе немаведама з якіх даўніх часоў, бо шмат маладых мужчын і хлопцаў паддаліся на яе чары.

Калі Зазоўка паказвалася якому мужчыну, то ён, нягледзячы на перасцярогі, як заварожаны, ішоў за ёю. А яна то паказвалася, то зноў знікала. Пералівіста смяялася, клікала яго па імені прыгожым мілагучным голасам. Заманьвала глыбей у лес прывабнымі рухамі свайго стройнага цела, адхіляючы час ад часу валасы з самых патаемных на ім мясцін. I так зазывала датуль, пакуль не заводзіла глыбока ў лес. Там, як сцвярджаюць старыя людзі, яна любіла і лашчыла свайго абранніка так, як не магла любіць ніводная жанчына.

Рэдкія мужчыны вярталіся дадому ад Зазоўкі. Некаторыя гінулі ад яе прагнага кахання, а які ўсё ж вяртаўся да асвой жонкі ці каханкі, праз некаторы час сыходзіў назад у лес, каб ужо ніколі адтуль не вярнуцца. Часта такіх мужчын знаходзілі павешанымі дзе-небудзь у лесе. Не кожнага мужчыну прымала Зазоўка двойчы, і тады яны, не бачачы выйсця, самі губілі свае жыцці.

Зазоўка вельмі хораша спявала. Голас у яе быў незвычайна чысты і меладычны, а песні нейкія адмысловыя. Таму яна магла заманіць да сябе, нават не паказваючы сваей вабнасці. Чалавек, заслухаўшыся, ішоў на яе спеў, а Зазоўка заводзіла яго ўсё глыбей і глыбей у лес.

На зіму Зазоўка некуды знікала. Некаторыя гаварылі, што яна ўпадала ў зімовую спячку. Іншыя сцвярджалі, што абарочвалася лябёдкаю і разам з сапраўднымі лебедзямі ляцела ў Вырай. А хто дык казаў, што яна на маразы пераходзіць у Той Свет.