Интересные ссылки

Русалкі-лесавіцы

Русалкі-лесавіцы

Выглядаюць Русалкі-лесавіцы, як звычайныя жанчыны з доўгімі распушчанымі валасамі, у якія ўплецены зялёныя галіны. Заўсёды іх бачаць голымі. У Русалак-лесавіц вочы чорнага колеру. Гэта — душы загубленых Лесуном дзяўчат, якія былі праклятыя бацькамі. Русалкі-лесавіцы — палюбоўніцы Лесуноў.

Па начах яны гойдаюцца на галінах і каго толькі заўважаць, клічуць такімі словамі: «Га! Га! Хадзіце к нам на арэлі калыхацца». Няшчасны, хто да іх наблізіцца. На дзень разам з Лесавіхамі Русалкі-лесавіцы ідуць пад зямлю, дзе жывуць у палацы.

Небяспека падсцерагае таго, хто пойдзе ў лес у Русальную суботу. У той дзень Русалкі збіраюцца гуртам і гойдаюцца на дрэвах. Бяда, калі яны першыя заўважаць чалавека: зараз жа аблытаюць яго сваімі доўгімі валасамі і заказычуць да смерці.

Калі пачуе беларус у лесе сваё імя, ён ні за што не адгукнецца, думаючы, што яго кліча Русалка і заманьвае да сябе, прастадушнага, каб заказытаць яго да смерці. Русалка-прьнажуня, з зялёнымі валасамі, наўмысна пералічвае вядомыя мужчынскія імёны для таго, каб натрапіць на імя прыведзенага ў лес якой-небудзь патрэбай чалавека. Пакуль чалавек, названы па імені, не адгукнецца, Русалка з ім нічога не зробіць.

Але іншая справа, калі чалавек сам заўважыць Русалак і скажа: «Чур мая!» Тады Русалкі для яго бясшкодныя, а адна з іх нават пойдзе за ім у яго дом і будзе выконваць усе хатнія работы, як самая старанная работніца: піць і есці не будзе; а будзе харчавацца толькі параю, што выходзіць з гаршкоў. Гэтак Русалка пражыве год, да наступнай Русальнай суботы, а тады абавязкова ўцячэ ў лес.

Бывалі выпадкі, Што людзі ўсё ж спраўляліся з асобнымі Русалкамі і прыводзілі іх у вёску. Пайшоў селянін аднойчы на Русальным тыдні ў лес лыкі драць. Там на яго напалі Русалкі, а ён хутка накрэсліў крыж нажом і стаў на яго, а вакол сябе яшчэ круг. Пасля гэтага ўсе Русалкі адступіліся, толькі адна ўсё яшчэ прыставала. Сёлянін схапіў Русалку за руку і ўцягнуў у круг. Тады Русалка скарылася яму. Пасля гэтага ён прывёў яе дадому. Жыла Русалка ў селяніна цэлы год, ахвотна выконвала ўсе жаночы работы, працавала, але моўчкі, не кажучы ні слова Ела мала — больш падсілкоўвалася параю.

Калі ж праз год зноў наступіў Русальны тыдзень^ Русалка раптам запляскала ў далоні, закрычала: «Гу-та-та! Гу-ля-ля!» і збегла ў лес.

А бывае і так. Пайшла жанчына ў лес па грыбы.. Бачыць, на дрэве вісіць вялікі кавалак бярозавай кары. Падышла яна, зазірнула ў сярэдзіну, аж там ляжыць голае дзіця і спіць. Жанчыне шкада стала дзіцяці, адвязала свой фартух, прыкрыла ім дзіця і адышлася, усё думаючы: чыё гэта можа быць дзіця і як яно сюды трапіла? Але не паспела яна адысці ад дзіцяці на якіх крокаў дваццаць, як пачула:

— Пачакай, жанчынка!

Яна азірнулася, бачыць — бяжыць да яе голая жанчына з распушчанымі валасамі. Гэта была Русалка. Жанчына спужалася і хацела ўцячы, але Русалка закрычала:

— Пастой, жанчынка, спор табе ў рукі!

Дакранулася да рук жанчыны і знікла. Калі жанчына трохі ачулася ад пуду, то вярнулася дадому. 3 тае пары яна пачала так працаваць, што ўсе дзівіліся, адкуль у яе бяруцца сілы.