Интересные ссылки

Кадук

Кадук

Самы старэйшы Нядобры Дух балотаў — Кадук. Жыве ён у самым цёмным лесе, да таго ж у самым багністым балоце. Гэта страшэнная пачвара: ні чалавек, ні звер, нагадвае здалёк капу сена ці кучу мо_ якая можа напалохаць чалавека хіба сваім нязвыклым для людзей рухам. Кадук больш нагадвае звера з вялізазнай калматай галавою і з шырокай пашч аж да самых вушэй. Як разявіць ён сваю пашчу, якой блішчаць белыя зубы ды чырванее, бы агонь, язык, дык здаецца, што ён гатоў пракаўтнуць чалавека цалкам. Беларусы вераць, што Кадук есць жывых маленькіх дзяцей, якіх носяць яму яго падначаленыя Духі.

Многія Нядобрыя Духі знаходзяцца на службе ў Кадука ці падпарадкоўваюцца яму. Тут у сваім балоце Кадук чыніць расправу над Духамі, адсюль ён пасылае іх да людзей робіць розную шкоду. Бяда, калі чалавеку выпадзе няшчасце трапіць у гэтае балота: пагібель непазбежная.

Кадук рэдка сам выходзіць са свайго балота: ён вечна заняты шматлікімі распараджэннямі, расправамi і выдумваннем шкод супраць людзей. Ён тады толькі выходзіць з балота і выпраўляецца да людзей, калі нейкі падначалены яму Дух не здолее выканаць яго даручэнне.

Часам беларусы, раззлаваўшыся, кажуць: «Каб яго ўзяў Кадук» ці «Вазьмі яго Кадук». Але Кадук рэдка бярэ, бо ён з'яўляецца толькі ў ліхую часіну, а часіна гэтая бывае толькі пры ўзыходзе сонейка, у самы поўдзень і ў самую поўнач. Гэтая пачвара пахапала б усіх людзей, каб ёй было вольна аб'яўляцца заўжды. Але Бог так даў, што Кадук сам не мае ўлады над чалавекам, а чакае, пакуль ён не вымавіць яго імя ў той ліхі момант, у які што чалавек ні скажа, то ўсё станецца.